“Золата” на доўгай дыстанцыі
Залатое вяселле – адзін з самых прыгожых юбілеяў. Да яго прыходзяць не паасобку, а шчаслівымі сем’ямі, з багатым і каштоўным багажом сумеснага жыцця, уменнем дзяліць на дваіх радасці і нягоды, знаходзіць кампрамісы і выйсце з самых розных сітуацый, з паўслова разумець адзін аднаго. Шлях да гэтага ў кожнай сям’і свой. А пачынаецца ўсё звычайна прыкладна аднолькава – шчаслівыя закаханыя, сціплае або наадварот з размахам вяселле, пажаданні доўгага і шчаслівага сумеснага жыцця…
29 студзеня 1961 года два лёсы злучыліся ў адзін і ўтварылася, як у тыя часы было прынята казаць, новая ячэйка грамадства – сям’я Івана і Стэфаніды Вялічкаў. І вось ужо паўстагоддзя гэтыя два блізкія нам чалавекі, самыя родныя і любімыя, крочаць па жыцці побач.
А на шляху да гэтай адметнай даты сапраўды здаралася ўсякае: прыемныя нечаканасці і доўгачаканыя радасці, нагоды для смутку і цяжкасці, пераадольваць якія дапамагалі каханне, узаемная падтрымка, надзейнае плячо Івана Адамавіча і пяшчотная ўсмешка Стэфаніды Іосіфаўны.
Адзін за адным у сям’і нарадзіліся шасцёра дзяцей. Іх выхаванне і стала галоўнай работай для матулі, якая, акрамя таго, паспявала ўвіхацца па гаспадарцы (а яна ў бацькоў заўсёды была немалая), выходзіла на працу ў паляводчую брыгаду саўгаса “Ганчароўскі”. А калі дзеці падраслі, наша мама пайшла працаваць у аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму і больш за 10 гадоў дапамагала нямоглым землякам. Бацька ж амаль усё жыццё працаваў у саўгасе шафёрам.
Для нас – чатырох дачок, двух сыноў, зяцёў, нявестак, дзевяці ўнукаў і праўнучка Ромкі, які з’явіўся на свет зусім нядаўна і стаў са-праўдным падарункам да залатога вяселля, яны – заўсёдны прыклад жыццёвай мудрасці, узаемаразумення, дабрыні. І ў гэтыя дні ўсе мы зноў збяромся ва ўтульным бацькоўскім доме ў вёсцы Мядзведзічы, каб чарговы раз прызнацца ў любові сваім дарагім людзям і павіншаваць іх з залатым юбілеем.
Ад імя шасці дзяцей і іх сем’яў – дачка Людміла РАКАШЭВІЧ.