Жыццё цудоўнае

У мінулы чацвер у кінатэатры “Кастрычнік” адбылася шчырая і радасная сустрэча сяброў, прымеркаваная да Дня пажылых людзей. На канцэртную праграму “Жыццё цудоўнае” сабраліся ляхавічане “залатога ўзросту”. Паглядзелі відэасюжэт пра землякоў, якія дзяліліся сваімі думкамі, успамінамі, гаварылі пра тое, што іх радуе, непакоіць. Яны па-ранейшаму бадзёрыя, ініцыятыўныя, патрэбныя не толькі сваім родным і блізкім, але і грамадству. Сведчанне гэтаму – запрашэнне ў працоўныя калектывы, сустрэчы з моладдзю, сумесныя вандроўкі. Нездарма ў краіне створаны і надзвычай запатрабаваны ўніверсітэты “Трэцяга ўзросту”.

З нецярпеннем чакалі падвядзення вынікаў стаўшага традыцыйным конкурсу на лепшы ветэранскі падворак. Сёлета ўдзельнічалі ў ім ляхавічанка Таццяна Бурак, Ніна Мацейка з аграгарадка Дарава, Святлана і Пётр Ксёнжыкі з Начы, Людміла Тарасевіч з вёскі Куршынавічы. Усе яны атрымалі падарункі ад тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

А яшчэ быў цудоўны канцэрт, танцавальная праграма, майстар-клас ад цырульніка. А пра творчыя натуры землякоў сведчыла выстава-продаж вырабаў працоўнай майстэрні аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў.

У першы дзень кастрычніка ў дамы многіх жыхароў раёна завіталі госці з працоўных калектываў, прадпрыемстваў, арганізацый, дзе раней працавалі тыя, хто цяпер на заслужаным адпачынку. Шаноўных ветэранаў дзякавалі за добрасумленную працу, жадалі моцнага здароўя, дабрабыту, уручалі падарункі.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *