Шчасце пад новымі дахамі
Гэтую падзею сям’я брыгадзіра Аляксандра Новіка чакала з асаблівым нецярпеннем: адзін з трох домікаў, пабудаваных у аграгарадку Жарабковічы, цяпер належыць ім. Не марудзячы, сабралі пажыткі – і пад дах свайго прыгожага дома з усімі камунальнымі выгодамі. Шчаслівая гаспадыня Лена, якая працавала ў сельскім Доме культуры мастацкім кіраўніком, а цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, гадуе сыночка, спланавала ўжо, дзе агарод пасадзіць, дзе кветкі зацвітуць…
Гэтай восенню наваселле справіла таксама сям’я механізатара Руслана Гуліцкага. Засяліўся ў катэдж і галоўны інжынер сельгаскааператыва Міхаіл Пятроўскі. Атрымалі жыллё 4 сям’і працаўнікоў з вёскі Зарытава: сельгаскааператыў выкупіў у насельніцтва дамы, капітальна адрамантаваў іх, падвёў камунальныя выгоды.
Святкуюць восенню наваселлі і ў СВК “Ляхавіцкі”. У аграгарадку Русінавічы з’явілася яшчэ адна новая вуліца, якая сёлета “прырасла” на 4 дамы, куды нядаўна засяліліся спецыялісты сельгаскааператыва. А неўзабаве прымуць навасельцаў яшчэ 2 новыя добраўпарадкаваныя асабнякі, якія пакуль у рыштаваннях.
І ў адной гаспадарцы, і ў другой асноўныя сродкі, за якія вядзецца будаўніцтва жылля, – ільготныя крэдыты. Аднак і сваіх грошай гаспадаркі трацяць нямала. У СВК “Ляхавіцкі” 2 катэджы з 4 узведзены за сродкі гаспадаркі, выконвала работу свая будаўнічая брыгада. Крэдытныя рэсурсы асвойваюць падрадчыкі – ПМК-13.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.