Статыстыка для ўсіх. 20 кастрычніка — Сусветны дзень статыстыкі
Сусветны дзень статыстыкі адзначаецца 20 кастрычніка раз у 5 гадоў. Урачыстасці з яго нагоды пройдуць сёлета больш як у сотні краін. Дэвіз гэтага дня – “Павышэнне якасці даных, павышэнне якасці жыцця”.
Як паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце Рэспублікі Беларусь, да Сусветнага дня статыстыкі камітэт, галоўныя статыстычныя ўпраўленні абласцей і Мінска, а таксама раённыя падраздзяленні службы правядуць 20 кастрычніка Дні адчыненых дзвярэй для выпускнікоў сярэдніх школ.
Усе запыты на прадастаўленне афіцыйнай статыстычнай інфармацыі (аб эканамічным, дэмаграфічным, сацыяльным і экалагічным становішчы ў краіне), што паступяць у органы дзяржаўнай статыстыкі ў гэты дзень, будуць выкананы бясплатна.
Да свята таксама прымеркаваны конкурс работ студэнтаў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта на тэму “Статыстыка для ўсіх”, конкурс прэзентацый маладых спецыялістаў, якія працуюць у сістэме Белстата, “Мая прафесія – статыстык”. Акрамя таго, плануецца выданне даведніка па інтэрнэт-рэсурсах органаў дзяржстатыстыкі.