Школа – гэта жыццё
Якім павінен быць педагог, каб стаць для сваіх вучняў не толькі паважаным і шчыра любімым настаўнікам, але і сябрам, дарадцам, урэшце — жыццёвым прыкладам? Як не толькі даць дзецям праграмныя веды, але і навучыць шукаць і знаходзіць, улюбіць у свой прадмет? Як зрабіць звычайны ўрок цікавым для ўсіх вучняў?
Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні можна было знайсці ў мінулую пятніцу ў гарадскім Доме культуры, дзе праходзіў фінальны тур раённага конкурсу «Настаўнік года — 2011». На гэты статус чарговы раз прэтэндавалі самыя таленавітыя, ініцыятыўныя, творчыя педагогі Ляхавіччыны.
За права выступіць у фінале спаборнічалі 12 прадстаўнікоў гарадскіх і вясковых навучальных устаноў. І, трэба сказаць, журы было надзвычай цяжка выбраць з іх усяго 5 фіналістаў. Тым не менш, выбар быў зроблены. З дыпломамі ўдзельнікаў ІІ этапа конкурсу і сувенірамі РГА «Белая Русь» сцэну ГДК пакінулі 7 дастойных прадстаўнікоў сваёй прафесіі: настаўнік матэматыкі Пранчакоўскай САШ Марына Бегель, настаўнікі рускай мовы і літаратуры Альхоўскай САШ Вольга Бецька і Крывошынскай САШ Людміла Саўчык, настаўнік англійскай мовы Дараўскага ДС-САШ Святлана Бірукова, настаўнікі пачатковых класаў Падлескага ДС-САШ Аксана Зайко і Малагарадзішчанскага ДС-САШ Таццяна Патоцкая, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Федзюкоў-скага ДС-САШ Таццяна Нічыпарук.
А пяцёрка самых-самых засталася на сцэне, каб яшчэ раз прадэманстраваць свае творчасць, неардынарнасць, захопленасць справай у конкурсах самапрэзентацыі, міні-ўрокаў і педагагічных сітуацый. Яны здзіўлялі, захаплялі, смяшылі і прымушалі задумацца. Ім актыўна дапамагалі вучні і іх бацькі, калегі і гледачы-балельшчыкі. У рэшце рэшт — кульмінацыя. Журы аб’яўляе сваё рашэнне. Пераможцам у намінацыі «Педагагічны пошук» стала настаўнік беларускай мовы і літаратуры Тальмінавіцкай САШ і самая маладая ўдзельніца конкурсу Вольга Кулік. Лепшай у намінацыі «Натхненне і захопленасць» — настаўнік пачатковых класаў САШ № 2 Ніна Юрчык. Перамогу ў намінацыі «За шматграннасць таленту» святкавала настаўнік геаграфіі САШ № 1 Наталля Кедзь (дарэчы, як самая актыўная была адзначана яе група пад-трымкі) . Лідарства ў намінацыі «Творчасць у прадмеце» — за настаўнікам фізікі Ліпскай САШ Пятром Юркаўцом. Абсалютным жа пераможцам конкурсу «Настаўнік года-2011», а таксама лепшым у намінацыі «Наватарства і майстэрства» і ўладальнікам прыза глядацкіх сімпатый стаў настаўнік рускай мовы і літаратуры гімназіі Генадзій Шадура. Пад шчодрыя апладысменты калег і вучняў начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Святлана Юрлевіч уручыла яму Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта.
Святочныя акорды чарговага конкурсу сталі старонкай гісторыі. А яго героі занялі сваё звыклае месца — у вучэбных аўдыторыях, сярод вучняў, якія дакладна ведаюць: на настаўнікаў ім сапраўды пашанцавала!