Уік-энд спартыўны

Што такое фізічная культура і спорт? Гэта здароўе, калі вынесці за дужкі спорт вышэйшых дасягненняў. Гэта верны сябар, які ніколі не здрадзіць, не пакіне ў бядзе, будзе суправаджаць вас усюды. Калі вы сустрэліся і спадабаліся адзін аднаму, вы становіцеся неразлучнымі. Паспрабуйце, у вас атрымаецца. Не адразу, аднак, абавязкова: калі крок за крокам, ад простага да больш складанага.
У іх атрымалася. Масавым стартам запомніцца ў раёне мінулы ўік-энд. Пачынаючы з 28 студзеня і на працягу трох дзён голас спартыўнага комплексу “Колас” гучаў задорна і на ўсе спартыўныя лады.
Агляд уменняў і навыкаў, сілы і спрыту адкрывалі прыхільнікі малой ракеткі. У спаборніцтвах раённай спартакіяды вучнёўскай моладзі па настольным тэнісе ўзялі ўдзел 10 каманд сельскіх школ Ляхавіччыны. Лепшымі з гэтай дзясяткі аказаліся тэнісісты Малагарадзішчанскага дзіцячага сада-сярэдняй агульнаадукацыйнай школы. Не навіна, увогуле: від спорту сярод тамашніх школьнікаў досыць папулярны, з гісторыяй удалых выступленняў на розных турнірах. Апошні камандны поспех – выйгрыш раённай спартакіяды – забяспечылі Вікторыя Дайнэка, Алег Катко і Іван Ліхач. У якасці трэнера-настаўніка падрыхтоўкай каманды займаўся асабіста Анатолій Тураў – дырэктар школы “па сумяшчальніцтве”.
Другімі і трэцімі прызёрамі сталі, адпаведна, каманды Жарабковіцкай і Тальмінавіцкай сярэдніх агульнаадукацыйных школ.
Некалькі пазней стартавала таксама і раённая спартакіяда насельніцтва сельсаветаў. Прайшоў першы яе этап, які ўключаў у сябе спаборніцтвы па шахматах, дартсе, біятлоне, эстафетных лыжных гонках. Альхоўскі сельсавет на турнір не выставіўся, з дзясятку ж астатніх лепшай на першым этапе спартакіяды стала каманда Жарабковіцкага сельсавета. Што называецца, нос у нос, з абсалютна аднолькавай колькасцю заліковых ачкоў аказаліся на фінішы каманды Куршынавіцкага і Навасёлкаўскага сельсаветаў. Яны і падзялілі другое і трэцяе месцы.
На тыя ж дні выпаў і штогадовы адкрыты Кубак Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа па дзюдо. Сёлета турнір, у арганізацыі якога, акрамя ўласна ЛДАКа, бралі ўдзел раённы выканаўчы камітэт, аддзел па справах моладзі аблвыканкама, Прадстаўніцтва НАК па Брэсцкай вобласці, адзначыў пяцігадовы юбілей. Прыемна, што ў канкурэнцыі з моцнымі барцамі з розных іншых куткоў Беларусі, а таксама дзюдаістамі з Расіі, Эстоніі і Латвіі, вельмі варта выглядалі ляхавіцкія спартсмены. 8 прадстаўнікоў нашай школы дзюдо – Кірыл, Уладзіслаў і Ілья Піліногі, Уладзіслаў Цярпіцкі, Данііл Касянкоў, Кірыл Шастак, Алеся Барысевіч, Хрысціна Янушка – сталі пераможцамі спаборніцтваў у сваіх вагавых катэгорыях. Акрамя таго, у ляхавічан яшчэ 5 другіх і 4 трэція прызавыя месцы.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *