Віткоўскія ўніверсітэты

Адзіны і непаўторны. І ніякага перабольшвання ў гэтым вызначэнні, калі яно датычыцца Аляксандра Вітко. Не ў крыўду іншым масцітым кіраўнікам з іх заслугамі і аўтарытэтам, але ўсё ж менавіта старшыня СВК “Ляхавіцкі” – чалавек-з’ява, чалавек-легенда, чалавек, які здолеў даказаць: паспяховасць – гэта і паказчыкі “хранічна” станоўчыя, зайздросна высокія, і давер’е людзей – апраўданае, і іх настрой ад усяго гэтага – аптымістычна-стваральны, з вектарам на жыццё і выніковую працу.

Аляксандр Іванавіч пра сябе гаварыць не любіць і надта ўжо заслугамі дасягненні гаспадаркі, на чале якой стаіць некалькі дзесяцігоддзяў, не лічыць. Калі рабіць усё граматна і сумленна, вынік абавязкова будзе. Гэта асабістае перакананне старшыні даўно ўжо даказана-перадаказана не толькі яго ўласным вопытам, а шматразова – усёй камандай. Каманда – цэлы калектыў гаспадаркі, незалежна ад пасад. Вось і атрымліваецца, што “Ляхавіцкі” стабільна на плаву і стабільна з паскарэннем.

– Ніякія мы не героі – звычайныя людзі, – гэтыя словы Аляксандра Іванавіча можна лічыць віткоўскай прымаўкай. І на выдатны ўраджай, і на высокія надоі, і на першынство ў працоўным спаборніцтве, і на ўзнагароды абавязкова пачуеш з яго вуснаў менавіта такі лаканічны каментарый. Не з дапамогай гучнага голасу і зусім не ў выніку “дыпламатычных” прыёмаў Вітко стаў добра вядомым у раёне, вобласці, краіне, а дзякуючы выключна працы і яе вынікам. Ва ўсе часы, пры любых складанасцях ён умудраецца забяспечыць нармальную жыццядзейнасць калектыву і вытворчасці, эканамічную трываласць гаспадаркі і людзей, якія ў ёй працуюць. Ён сам, дыпламаваны спецыяліст-аграрнік, разумее, якой казырнай картай з’яўляюцца сучасныя тэхналогіі, і гэта карта заўсёды выкарыстоўваецца спаўна. Менавіта ў СВК “Ляхавіцкі” самы шчодры колас, самыя важкія надоі і прывагі, самы ўзорны мехдвор, самыя “наварочаныя” фермы, бульбасховішчы…

– І самыя заўзятыя працаўнікі, якія забяспечваюць усё гэта “самае-самае”, – Аляксандр Іванавіч пераводзіць размову ў сваё рэчышча.

Пра “Ляхавіцкі” не пісаць – грэх: пад бокам у райцэнтра ён нібы ілюстрацыя ў тэму “можна жыць заможна”. Пра “Ляхавіцкі” не пісаць немагчыма, таму што яго прыклад – іншым навука. Гэта ўжо нават не школа віткоўская, а цэлыя ўніверсітэты. Шчасліўчыкі тыя, хто гэту навуку засвойвае што-дня. Прывабны для жыцця аграгарадок Русінавічы, утульная, дагледжаная Гаслаўшчына, акуратныя іншыя населеныя пункты сельгаскааператыва – сённяшні дзень абяцае і стварае перспектывы заўтрашняга.

Што датычыць непасрэдна кіраўніка гаспадаркі, то асабіста ягонае сёння таксама з аптымістычнай перспектывай. Надзея і апора, удзячны і таленавіты вучань – намеснік старшыні, ён жа сын Іван Вітко. А хіба не надзея і апора – галоўны аграном гаспадаркі (лепшы ў вобласці, дарэчы, як у свой час і Іван Аляксандравіч!), ён жа ўнук Аляксандр Шымкевіч, чыя жонка – таксама аграном гэтага ж СВК. Пра дынастыю Вітко, у якой сваё важкае слова разам з Аляксандрам Іванавічам сказала ў свой час і ягоная Раіса Іванаўна, калі працавала заатэхнікам-селекцыянерам, можна гаварыць бясконца: гэта тэма – сапраўдная знаходка для журналістаў. Але і не меншая – для гаспадаркі, раёна, Брэстчыны, краіны. Таму што на такіх людзях зямля трымаецца, таму што іх любоўю і цеплынёй сэрцаў і рук сілкуецца, каб квітнець, каб маладзець.

Ён нарадзіўся ў першы пасляваенны год. У свой прыгожы юбілей Аляксандру Вітко ёсць чым ганарыцца, быць задаволеным, але і ёсць заданне на заўтра, у якім, канешне, новыя рубяжы і ніякай палёгкі. Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, выдатны кіраўнік, цудоўны чалавек, ён у заўсёдным шляху. Няхай шчасціць!

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота з архіва «ЛВ» .

Тэлеграма  ў нумар

Старшыні СВК “Ляхавіцкі”,
Заслужанаму работніку сельскай гаспадаркі
Вітко Аляксандру Іванавічу

Шаноўны Аляксандр Іванавіч!
Прыміце шчырыя віншаванні з юбілеем!
Сваёй працаздольнасцю, мэтанакіраванасцю і актыўнай жыццёвай пазіцыяй Вы па праву заслужылі высокі аўтарытэт сярод працаўнікоў аграпрамысловага комплексу, кіраўнікоў і шчырую павагу землякоў. Ваша прафесіянальная дзейнасць па заслугах адзначана дзяржавай. Няхай Вас не пакідаюць аптымізм і жыццялюбства, а клопат родных і блізкіх, увага сяброў і надзейнае плячо аднадумцаў будуць падтрымкай заўсёды і ва ўсім. Моцнага Вам здароўя, дабрабыту і бадзёрасці духу на доўгія гады, новых вышынь, працоўных здабыткаў.

РАЁННЫ ВЫКАНАЎЧЫ КАМІТЭТ.                               РАЁННЫ САВЕТ  ДЭПУТАТАЎ.

Кіраўніцтва ўрада, вобласці, раёна аднадумнае ў ацэнцы работы старшыні СВК «Ляхавіцкі»: працаваць трэба так, як Аляксандр Вітко.

Дынастыю Вітко вітала сталіца.

Перадавікі «Ляхавіцкага» на раённых «Дажынках». Побач з Аляксандрам Іванавічам — Іван Вітко і Аляксандр Шымкевіч.

One thought on “Віткоўскія ўніверсітэты

  • 26/10/2015 в 00:49
    Permalink

    Виткоўскі феномен, пэўна, справалі разгадаць многія. Жыве чалавек работай і ўмее арганізаваць і зацікавіць іншых, не гаворачы ўжо пра родных. Бадзёрасці Вам, Аляксандр Іванавіч, і многіх гадоў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *