Новыя правы – без спешкі і ажыятажу
З 1 лютага ў краіне пачалі выдаваць вадзіцельскія пасведчанні новага – міжнароднага – узору. Гэта звязана з тым, што 29 сакавіка 2011 года ўступіць у сілу новая рэдакцыя міжнароднай Канвенцыі аб дарожным руху, артыкул 43 якой прадугледжвае выдачу новых нацыянальных вадзіцельскіх пасведчанняў не пазней чым праз 5 гадоў пасля ўступлення яе ў сілу. Нацыянальныя вадзіцельскія пасведчанні, выдадзеныя ў адпаведнасці з папярэднімі рэдакцыямі Канвенцыі да заканчэння гэтага перыяду, прызнаюцца сапраўднымі на працягу тэрміну іх дзеяння. Такое патрабаванне распаўсюджваецца і на міжнародныя вадзіцельскія пасведчанні (краіны – удзельніцы Канвенцыі будуць прызнаваць любое нацыянальнае вадзіцельскае пасведчанне, складзенае на іх нацыянальнай мове ці якое суправаджаецца завераным пераводам).
Такім чынам, ніякай экстранай патрэбы бегчы ў падраздзяленні ДАІ з заявай аб абмене вадзіцельскага пасведчання няма. І ў Беларусі, і на тэрыторыях краін – удзельніц Канвенцыі можна спакойна едзіць з правамі старога ўзору да заканчэння тэр-міну іх дзеяння, указанага ў дакуменце. Калі ж вы – уладальнік яшчэ больш старога пасведчання (“кніжкі”), у якім тэрмін дзеяння не ўказаны, то такіх абмежаванняў па часе яго абмену наогул не ўстаноўлена. Ніякіх прэтэнзій з боку супрацоўнікаў ДАІ і іншых службовых асоб (напрыклад, пры праходжанні тэхагляду) не ўзнікне.
Дадам, што пры абмене вадзіцельскіх пасведчанняў, выдадзеных да 1 лютага 2011 года, пры наяўнасці права на кіраванне механічнымі транспартнымі сродкамі катэгорыі “А” даецца права кіравання яшчэ і падкатэгорыі “А1” (лёгкія матацыклы з аб’ёмам рухавіка да 125 куб. см). Права на кіраванне саставамі транспартных сродкаў (ТС з прычэпамі) у пасведчанні новага ўзору будзе пазначацца катэгорыямі “ВЕ” і (ці) “СЕ” і (ці) “DE”, а права на кіраванне трамваем і тралейбусам, адпаведна, — катэгорыямі “F” і “І”.
Права кіравання транспартнымі сродкамі катэгорыі “АМ” (мапеды, скутэры з рабочым аб’ёмам рухавіка да 50 куб. см) даецца пры наяўнасці права на кіраванне транспартнымі сродкамі хаця б адной катэгорыі ці пасведчання трактарыста-машыніста. Калі ж вы наогул не з’яўляецеся вадзіцелем, то для атрымання права кіравання мапедам неабходна будзе здаць тэарэтычны экзамен. Але не варта хвалявацца, на вадзіцеляў мапедаў таксама распаўсюджваецца пераходны перыяд, падчас якога без спешкі і ажыятажу можна падрыхтавацца да экзамену.
Дарэчы, кошт новага вадзіцельскага пасведчання пакуль застаецца ранейшым.
Мікалай ДЫЛЕЎСКІ, старшы дзяржаўтаінспектар.