Выкараніць! У антыкарупцыйнай дзейнасці мноства складальнікаў
Нягледзячы на актыўную работу праваахоўных органаў, карупцыя па-ранейшаму сур’ёзна перашкаджае нармальнаму функцыянаванню ўсіх грамадскіх інстытутаў, правядзенню сацыяльных пераўтварэнняў і мадэрнізацыі нацыянальнай эканомікі, выклікае недавер грамадзян да дзяржаўных органаў.
Сёлета ў студзені-верасні ў Брэсцкай вобласці зарэгістравана 160 карупцыйных злачынстваў (1,7% ад агульнай колькасці зарэгістраваных злачынстваў), сярод якіх найбольшую колькасць склалі злачынствы, звязаныя з хабарніцтвам, крадзяжамі шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі і з перавышэннем службовых паўнамоцтваў. Выяўлена 68 асоб, якія ўчынілі даныя злачынствы. У адносінах 30-ці яшчэ праводзіцца расследаванне.
Органамі пракуратуры ў парадку нагляду праведзена 101 праверка выканання антыкарупцыйнага заканадаўства. Па выніках унесены 93 прадстаўленні, вынесены 52 прадпісанні, 18 пратэстаў, афіцыйна папярэджаны аб недапушчальнасці парушэння закона 100 службовых асоб. Па патрабаваннях пракурораў адменены 21 незаконны лакальны акт. Да дысцыплінарнай, адміністрацыйнай і матэрыяльнай адказнасці прыцягнуты 589 фізічных і юрыдычных асоб. Трое вызвалены ад займаемых пасад, узбуджана 19 крымінальных спраў.
Антыкарупцыйны накірунак дзейнасці патрабуе больш пільнай увагі з боку кіраўніцтва дзяржаўных органаў і арганізацый. Неабходна ўлічваць усе фактары і рызыку, якія ствараюць умовы для карупцыйных праяўленняў.
Кіраўнікам арганізацый і ўстаноў вобласці пры прыняцці кадравых рашэнняў трэба няўхільна кіравацца патрабаваннямі антыкарупцыйнага заканадаўства, праяўляць належную прынцыповасць пры назначэнні на кіруючую пасаду асоб, прымаць вычарпальныя меры па выключэнні выпадкаў незаконнага налічэння і выплаты заработнай платы работнікам, якія адсутнічаюць на рабочых месцах па асабістых прычынах.
З практыкі пракурорскага нагляду вынікае, што па-ранейшаму высокай ступенню карупцыйнай рызыкі характарызуецца сфера асваення бюджэтных сродкаў пры ажыццяўленні працэдур дзяржаўных закупак тавараў (работ, паслуг), у тым ліку пры будаўніцтве аб’ектаў за кошт бюджэту, рэалізацыі на тэрыторыі вобласці праграм з прыцягненнем дзяржаўных сродкаў.
Узмацненню антыкарупцыйнага супрацьдзеяння будзе садзейнічаць павышэнне эфектыўнасці грамадскага кантролю па супрацьдзеянні карупцыі з боку грамадскіх аб’яднанняў, у тым ліку прафесійных саюзаў, а таксама больш актыўны ўдзел грамадзян у папярэджанні карупцыйных праяўленняў.
Аддзел па барацьбе з карупцыяй
і арганізаванай злачыннасцю
пракуратуры Брэсцкай вобласці.
Дарэчы
У Беларусі пастаянна ўдасканальваецца антыкарупцыйнае заканадаўства. У ліпені гэтага года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў новы Закон «Аб барацьбе з карупцыяй», які ўступае ў сілу 24 студзеня 2016 года.
Закон прадугледжвае прыняцце дадатковых мер па зніжэнні матывацыі службовых асоб да карупцыйных паводзін, а таксама максімальнае ўзмацненне намаганняў грамадскасці ў выяўленні фактаў карупцыі і інфармаванні пра гэта праваахоўных органаў.