Кармавая кухня

Сітуацыя спрыяе, і падножны корм працягвае заставацца важнейшым кампанентам рацыёну буйной рагатай жывёлы. Але не трэба быць спецыялістам сельскай гаспадаркі, каб са 100-працэнтнай упэўненасцю гаварыць пра апошнія дні пашавай вольніцы. Стойлавы перыяд характарызуецца працягласцю, яму ўласцівы “жывёльны” апетыт. Якім кармавым запасам валодаюць аграрыі раёна, у чым асаблівасці сёлетняга нарыхтоўчага сезона?
Сёлетнія раённыя запасы травяністых кармоў некалькі саступаюць леташнім.Сена ў гэтым годзе паднялі на 460 тон, сенажу – на 8000, сіласу – 21500 тон менш. Акрамя сена, рэальныя нарыхтоўкі якога нязначна перавысілі планавыя, ні па сенажу, ні па сіласу выйсці на планавыя лічбы не атрымалася.
Праўда, у адносінах сіласу кропка яшчэ не пастаўлена. На момант напісання гэтых радкоў сіласная эпапея працягвалася ў СВК “Шлях новы” і “Жарабковічы”, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”. Самыя буйныя сельгасарганізацыі раёна вызначаюцца і магутнасцю кукурузных плантацый: 1540, 1400 і 835 гектараў адпаведна. Як патлумачылі ў райсельгасхарчы, такая позняя сіласанарыхтоўка не з’яўляецца нормай. Кукуруза трапіла пад уздзеянне мінусавых тэмператур, падсохла. А, значыць, ні патрэбнай якасці, ні тых аб’ёмаў сіласу ад такой культуры зараз не атрымаеш. Ды і сіласуецца яна значна горш.
У якасці галоўнай прычыны недабору кармоў разглядаецца недахоп вільгаці. Яшчэ з пасяўной аграрыі не без падстаў скардзіліся на сухасць веснавых палеткаў. Гэта з’ява ў найбольшай ступені закранула тыя з гаспадарак, што “выйшлі” за рамкі аптымальных тэрмінаў сяўбы. Ну і, канешне, працяглая летняя спякота істотна “падпаліла” не толькі сенажаці і кукурузныя палеткі.
Але на сітуацыю можна глянуць і з другога боку: бездажджлівае жнівеньскае надвор’е паспрыяла нарыхтоўцы сена другім укосам. Хто хацеў і мог – касілі, разбівалі, варушылі, убіралі. І, як сведчыць вытворчая статыстыка аблсельгасхарчу, ляхавіцкія аграрыі – адзіныя ў вобласці, хто справіўся з планам сенанарыхтовак. Пры нашых 102 працэнтах ад плана, лепшыя з астатніх – Ганцавіцкі раён – са сваім прагнозным заданнем справіўся на 93 працэнты. Усе іншыя раёны вобласці, акрамя Баранавіцкага, таксама не выйшлі на планавыя лічбы па сенажу і сіласу. З сенажом нашы суседзі пераўзышлі і свой план, і ўсе раёны вобласці.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *