Такое жалеза ў металалом не здасі…
У рэдакцыю патэлефанавала жыхарка вёскі Нача Людміла Юрлевіч, якая паскардзілася: апошнім часам вада ў вясковым водаправодзе вельмі ржавая – ні прыгатаваць яду, ні памыць бялізну.
З просьбай разабрацца з праблемай, што стварае людзям сур’ёзныя нязручнасці, “ЛВ” звярнуўся ў КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”, на чыім балансе знаходзяцца водаправодныя сеткі, і ў раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі.
Сітуацыю патлумачыў дырэктар камунальнай службы Аляксандр Мядзвецкі, які паведаміў наступнае: “У лістападзе 2010 года ад РСУП “Нача” на баланс нашага прадпрыемства былі перададзены водаправодныя сеткі в. Нача. Па праграме “Чыстая вада” на 2006-2010 гады была пабудавана артэзіянская свідравіна для забеспячэння насельніцтва пітной вадой. Якасць пітной вады са свідравіны адпавядае нарматывам, акрамя ўтрымання жалеза, а таксама мутнасці, паху і колеру, што абумоўлены павышаным утрыманнем жалеза ў вадзе (3,43 мг/л). Для паляпшэння якасці пітной вады ў Начы з лістапада 2010 года тройчы праводзілася гідрапнеўматычная прамыўка вонкавых сетак водазабеспячэння, апошняя – 24 студзеня гэтага года. Для поўнага вырашэння праблемы неабходна будаўніцтва ў населеным пункце станцыі абязжалезвання. Кошт такога будаўніцтва ў бягучых цэнах складае 200 мільёнаў рублёў. Будаўніцтва станцыі абязжалезвання ў Начы ўключана ў дзяржпраграму “Чыстая вада” на гэтае пяцігоддзе і запланавана на 2015 год.”
Разбіраліся ў сітуацыі і спецыялісты райЦГіЭ. Як праінфармаваў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў, 18 студзеня праведзена санітарнае абследаванне гаспадарча-пітнога водаправода в. Нача з адборам проб вады для лабараторных даследаванняў. Кіраўнік раённай санітарнай службы адзначыў, што недахопаў у санітарна-тэхнічным стане водаправода пры абследаванні не ўстаноўлена, тым не менш, факт нездавальняючай якасці вады пацвердзіўся: “Вада з артсвідравіны і водаправодная вада ва ўсіх 7 пробах не адпавядае СанПіН 10-124 РБ 99 “Пітная вада. Гігіенічныя патрабаванні да якасці вады цэнтралізаваных сістэм пітнога водазабеспячэння. Кантроль якасці” па ўтрыманні жалеза (ад 3,36 да 5,78 мг/л), а ў пробах з дома № 9 па вуліцы Савецкай і водаразборнай калонкі ля дома № 11 па вуліцы Савецкай – яшчэ і па паху, смаку, мутнасці і колеру. Па выніках праведзеных лабараторных даследаванняў і разгляду звароту дырэктару КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” накіравана прадпісанне аб ухіленні недахопаў з тэрмінам выканання 4 лютага.”
Пра вынікі выканання прадпісання Віталій Ціханаў паабяцаў праінфармаваць дадаткова.