Свет не без добрых людзей. У Ляхавічах прайшла справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа

У мінулую пятніцу гарадскі Дом культуры стаў цэнтрам прыцягнення тых, для каго паняцці міласэрнасць, дабрачыннасць, спагадлівасць напоўнены асаблівым сэнсам. Старшыні пярвічак, актывісты, валанцёры і проста нераўнадушныя да чужых праблем людзі сабраліся на трэцюю справаздачна-выбарную канферэнцыю раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа.

Яе старшыня Жанна Лешык нагадала гісторыю таварыства, расказала пра яго ролю і справы.

У склад раённай арганізацыі ўваходзяць 82 пярвічкі, якія аб’ядналі каля 7 000 чалавек. Іх галоўная мэта – дапамога сацыяльна неабароненым катэгорыям насельніцтва. Колькасць добрых спраў за справаздачны перыяд, з 2011 года па сённяшні дзень, не вымераць ні 12 праграмамі, вакол якіх будуецца дзейнасць Чырвонага Крыжа, ні зафіксаваць мовай лічбаў. Многія дабрачынныя акцыі і мерапрыемствы сталі візітнай карткай арганізацыі. А цяпер факты. Напярэдадні халадоў 224 інваліды і пенсіянеры атрымалі цёплыя коўдры і харчовыя наборы. Не засталіся без увагі пацярпелыя ад пажараў: 38 чалавекам выдадзены прадукты харчавання, коўдры, бялізна, адзенне для непаўналетніх. Аказвалася дапамога сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, мнагадзетным і няпоўным сем’ям, адзінокім пажылым людзям, асобам, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі, і г.д. Арганізацыя падтрымала ўкраінцаў, што прыехалі на Ляхавіччыну. Падчас акцыі “Дапамога бежанцам з Украіны” найбольш актыўнымі былі пярвічкі Свяціцкай, Тальмінавіцкай, Тухавіцкай СШ, Падлескага дзіцячага сада-базавай школы, дзіцячага сада №1 і Жарабковіцкага, СВК “Жарабковічы”. 5 сем’яў з ліку бежанцаў атрымалі магчымасць набыць за чырвонакрыжаўскія сродкі харчовыя і прамысловыя тавары на суму 10 мільёнаў рублёў.

Дзейнічае праграма “Служба пошуку”, якая дапамагае ў пошуку блізкіх, што згубіліся падчас войнаў, узброеных канфліктаў, стыхійных бедстваў у іншых краінах. 10 чалавек звярнуліся ў раённую арганізацыю Чырвонага Крыжа, каб знайсці пахаванні родных у Польшчы.

Вяртаецца ў наша жыццё і такое паняцце як сёстры міласэрнасці. Сёння іх усё часцей можна ўбачыць у бальніцах і прытулках. Са снежня сястра міласэрнасці з’явіцца і пры раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа, яна будзе дапамагаць нямоглым людзям вырашаць некаторыя жыццёвыя праблемы (аплата камунальных паслуг, прыгатаванне ежы і г.д.).

Сёння ў раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа 148 валанцёраў. Яны актыўна дапамагаюць іншым, удзельнічаюць у праектах, накіраваных на падтрымку ініцыятыў, развіццё супрацоўніцтва з грамадскімі і дзяржаўнымі арганізацыямі, шматлікіх конкурсах і спаборніцтвах.

Жанна Лешык назвала лепшыя валанцёрскія групы і атрады: “Энтузіясты” тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (кіраўнік групы Жанна Прывольнева), “Чыстыя сэрцы” СШ № 1 (кіраўнік атраду Наталля Маслоўская), “Данка” СШ № 2 (Нэлі Пастушак), “Пошук” гімназіі (Аксана Гатоўчыц), “Міласэрнасць” Конькаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы (Наталля Ходар), “Аптымісты” ініцыятыўнай групы РА БТЧК (кіраўнікі Галіна Багушэвіч, Валянціна Паўлоўская і Барыс Макарэвіч). Актыўна дзейнічаюць валанцёры Валянціна Сакалоўская, Мікалай Міхаленя і Ірэна Касьянік. Дарэчы, сёлета ў верасні адбыўся першы раённы злёт валанцёраў.

Крыніца даходу раённай арганізацыі – членскія ўзносы і ахвяраванні насельніцтва. За справаздачны перыяд спонсарская і дабрачынная дапамога ад індывідуальных прадпрымальнікаў склала 32 мільёны рублёў. Старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа падзякавала ўсім, хто аказвае падтрымку, не праходзіць міма чужой бяды. Сярод тых, хто не застаўся ў баку, – індывідуальны прадпрымальнік Віктар Яраш, кіраўніцтва ТАА “Трансэлектракамплект”, ПУП “Ібіра”, СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”, ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод”, ТДА «Карвента».

Самыя актыўныя памочнікі Чырвонага Крыжа атрымалі ўзнагароды абласной арганізацыі БТЧК з рук яго старшыні Ларысы Варанко, якая прыняла ўдзел у канферэнцыі.

Ішла размова і пра праблемы. У раённай арганізацыі адсутнічае памяшканне для захоўвання гуманітарнай дапамогі. Каб даставіць яе з Брэста, неабходна шукаць спонсараў сярод прадпрыемстваў раёна. Не раз выручалі ў вырашэнні гэтага пытання малочны завод, “Трансгруп” , “Трансэлектракамплект”, ільнозавод. Для разгрузкі гуманітарнага груза прыцягваюцца супрацоўнікі РАНС і ТЦСАН.

Удзельнікі канферэнцыі станоўча ацанілі работу раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа. Выбраны новы прэзідыум і рэвізійная камісія, дэлегаты на абласную канферэнцыю, акрэслены задачы на перспектыву. Старшынёй раённай арганізацыі зноў абрана Жанна Лешык.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *