СВК «Ляхавіцкі». Пераможнае сола

Аператары па адкорме БРЖ Наталля Алейнікава і Алег Плескацэвіч.

СВК “Ляхавіцкі” трывала асацыюецца з перамогамі ў разнастайных раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах у раслінаводстве і жывёлагадоўлі, з важкімі ўраджаямі, унушальнымі прывагамі і надоямі. Тутэйшыя працаўнікі нязменна лепшыя ў прафесійнай канкурэнцыі.

Уладкавацца на працу ў сельгаскааператыў прэстыжна і ў той жа час адказна. Сюды штогод прыходзіць маладое папаўненне, якому пашчасціла асвойваць азы аграрнай справы побач з прафесіяналамі на чале са старшынёй – Заслужаным работнікам сельскай гаспадаркі Беларусі Аляксандрам Вітко.

І гэты сельскагаспадарчы год “Ляхавіцкі” завяршае на пазіцыях перадавікоў у многіх намінацыях раённых спаборніцтваў за дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў. Нарыхтоўка травяністых кармоў, ураджайнасць збожжавых, вырошчванне рапсу, вытворчасць і рэалізацыя малака і мяса – тут “Ляхавіцкі” бясспрэчны лідар у раёне. Гаспадарка сярод лепшых бульбаводаў вобласці.

За лічбамі і вынікамі штодзённая, самаадданая праца. Галоўную партыю ў вытворчым хоры калектыву выконваюць перадавікі. Аператары машыннага даення Людміла Казакевіч, Алена Шчука, Зоя Сецька, Вольга Грыкель у сваёй справе майстры. Паспяхова шчыруюць аператары па адкорме буйной рагатай жывёлы Наталля Алейнікава, Алег Плескацэвіч, Віктар Маслінскі. Наогул, працавітых і адказных людзей тут многа – пералічыць усіх проста немагчыма.

Нельга абысці ўвагай і тое, што ў “Ляхавіцкім”  выдатная матэрыяльна-тэхнічная база, дастойныя ўмовы працы і зарплата, новыя тэхналогіі вытворчасці, вырашаецца жыллёвае пытанне. Цэнтральная сядзіба СВК – аграгарадок Русінавічы – адзін з лепшых у раёне.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *