Сцяжынка да храма
Кожны чалавек павінен мець трывалае духоўнае апірышча, каб быць моцным, супрацьстаяць цяжкасцям жыццёвым, каб з любых складаных сітуацый выходзіць пераможцам. Адным з такіх духоўных апірышчаў несумненна з’яўляецца царква. Але ў нашай аддаленай вёсцы яе ніколі не было. Мы, вернікі, наведвалі Свята-Пакроўскую царкву ў Крывошыне, каб памаліцца на вялікія і малыя святы, адправіць памінальнае богаслужэнне, прыйсці да святога прычасця і паставіць свечку за памёршых блізкіх людзей ці сваякоў. Таму мара аб сваім храме заўсёды хвалявала свяцічан. Колішні старшыня Свяціцкага сельсавета Дзмітрый Курыловіч нават рабіў для гэтага некаторыя захады. Але, на жаль, тады яго планы па будаўніцтве царквы не ажыццявіліся.
І вось неабыякавыя людзі, простыя свяцічанкі Вольга Гаравая і Яўгенія Курловіч, суседкі па доме, падтрымалі маю ідэю аб будаўніцтве ў Свяціцы царквы, пераабсталяваўшы для гэтага звычайную вясковую хату. Ядвіга Мікалаеўна адразу пагадзілася аддаць пад царкву бацькоўскі дом, але ён не падышоў па планіроўцы. Тады былая свяцічанка Надзея Аляксееўна Буйкевіч падаравала будучай царкве свой. Нас падтрымалі жыхары вёскі, вышэйшае духоўнае кіраўніцтва ў асобе Уладыкі Стэфана. Людзі сталі ахвяраваць грошы на будаўніцтва храма. І за гэта ім вялікі дзякуй. Пастаянна дапамагаюць Павел і Барыс Курыловічы, Васілій і Віктар Курловічы, Мая Уладзіміраўна Дыдышка заўсёды цікавіцца, як ідзе будаўніцтва, дапамагае вельмі шчодра. Не адмаўляюць у дапамозе кіраўнікі ПМК-13 і ПМК-17, старшыня СВК “Ліпнянка” Уладзімір Варвашэвіч, ляснічы Навасёлкаўскага лясніцтва Сяргей Бураў. Аднак, сродкаў для заканчэння будаўніцтва пакуль не хапае.
У чэрвені мінулага года быў здзейснены чын асвячэння падмурка нашай царквы. Цырымонія прайшла вельмі ўрачыста. Было многа гасцей і вельмі многа свяцічан. Самым высокім госцем быў Уладыка Стэфан. Наша царква атрымала назву – храм у гонар святых мучанікаў Антонія, Іаана і Яўстафія Віленскіх. Тут праходзяць богаслужэнні, вернікі з вялікай радасцю наведваюць храм, які пакрысе набывае свае канчатковыя абрысы: над ім усталяваны купал, зроблена вонкавая атынкоўка. Але спраў яшчэ вельмі многа. Трэба закончыць унутраныя работы, устанавіць хаця б часовы прастол. Усім гэтым займаецца наш новы святар – айцец Сергій. Ён атрымаў выдатную адукацыю ў Мінскай духоўнай семінарыі. Гэта сучасны духоўны пастыр: ён добрасумленна выконвае свае абавязкі, і яго любяць і паважаюць у Свяціцы.
А ён марыць, каб цэнтральная частка храма стала месцам царкоўна-асветніцкай работы з моладдзю і людзьмі сталага ўзросту, каб пасля богаслужэння вернікі не разыходзіліся, а мелі магчымасць праслухаць гутарку ці паглядзець слайды і фільмы на рэлігійную і духоўную тэму, абмеркаваць убачанае, пачуць адказы на свае пытанні. У Свяціцы будуць працаваць нядзельная школа для дзяцей і дарослых, ладзіцца паломніцкія паездкі па святых месцах Беларусі.
Але, каб ажыццявіць усё гэта, трэба найперш закончыць будаўніцтва нашага храма. Таму мы звяртаемся за дапамогай да ўсіх неабыякавых людзей, да прадпрымальнікаў, да кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў: дапамажыце царкве ў Свяціцы! Гэтым вы не толькі падтрымаеце нас, прыхаджан, але і ўмацуеце нашу веру ў дабро і ўзаемадапамогу, узнімеце свой аўтарытэт і станеце духоўна і душэўна багацейшымі, дапаможаце нашай Свяціцы — гэтай унікальнай прыгожай вёсцы быць і жыць.
Нас яшчэ вельмі турбуе тое, што паабапал дарогі, якая вядзе да храма, засталіся рэшткі спаленых сядзіб. Добра было б іх прыбраць, але цяжка атрымаць на гэта згоду сваякоў памёршых уладальнікаў сядзіб. А мне асабіста ўяўляецца на месцы гэтых папялішчаў цудоўная зялёная алея, якая вядзе і да царквы, і да брацкай магілы воінаў і партызан. Можна было б уздоўж гэтай алеі ўсталяваць камяні-валуны з імёнамі тых свяцічан, хто не вярнуўся з вайны, зрабіць своеасаблівы мемарыял: адпраўляць тут паніхіды ў памяць загінуўшых, запальваць свечкі. Такі духоўны ланцужок уяўляецца мне.
Па волі лёсу складваецца так, што і царква, і брацкая магіла, і крыж на раздарожжы – гэта сакральнае месца ў Свяціцы, і яго абавязкова трэба добраўпарадкаваць.
Наша маленькая цэркаўка ўжо і зараз хораша глядзіцца, і дарога да яе адкрыта для ўсіх. Ідзіце туды з чыстым сэрцам і чыстымі думкамі. Пастаўце свечку і памаліцеся за ўсё добрае на нашай зямлі.
Няхай збярэ нас Божы Храм,
Каб атрымаць благаславенне.
Каб дум збылося ачышчэнне,
Адкрый нам дзверы, Божы храм.
Няхай збярэ нас Божы Храм,
Каб там прынесці пакаянне.
Каб душ збылося аб’яднанне,
Адкрый нам дзверы, Божы храм.
Няхай збярэ нас Божы храм,
Каб захаваць душы ўрачыстасць.
Каб ацалела наша існасць,
Адкрый нам дзверы, Божы храм.
Вера ДЫДЫШКА, в. Свяціца.