Як саюз дзяржаў умацавала ляхавіцкая гімназістка
Напрыканцы кастрычніка 11-класніца гімназіі Юлія Матчэня прыняла ўдзел у заключным этапе алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычнае і духоўнае адзінства” і стала ўладальніцай дыплома III ступені. Месцам правядзення юбілейнага – дзясятага – форума, які прысвячаўся 70-годдзю Вялікай Перамогі, стаў Гомель. Канкурэнцыя была сур’ёзнай – алімпіяда сабрала каля 200 старшакласнікаў з Беларусі і Расіі.
Брэстчыну прадстаўляла каманда з 6 чалавек (па 2 старшакласнікі з Брэста і Баранавічаў, па адным – з Ляхавічаў і Іванава), якія сталі лепшымі ў абласным этапе, апярэдзіўшы амаль восем дзясяткаў юнакоў і дзяўчат. У заліку шасцёркі – 4 дыпломы, адзін з якіх належыць нашай гімназістцы. Веды юных філолагаў ацэньвала журы ў складзе вядомых беларускіх і расійскіх навукоўцаў, выкладчыкаў ВНУ, таму важкасць заваяваных дыпломаў становіцца яшчэ больш значнай. Выкананне комплекснай работы па рускай мове і літаратуры і напісанне сачынення па вершы Веранікі Тушновай “Вот говорят: Россия…” прынесла ляхавічанцы гучны вынік.
Юлія расказвае, што некалькі дзен у Гомелі прамчаліся, як адзін. Кожны быў напоўнены незабыўнымі сустрэчамі, экскурсіямі, конкурсамі, творчымі вечарамі, а напрыканцы – урачысты баль “Саюз сэрцаў – саюз дзяржаў”.
– Алімпіяда – магчымасць ацаніць свой узровень і ўдасканаліць веды па мове і літаратуры, а яшчэ гэта багаты вопыт і яскравыя ўражанні на ўсё жыццё, – адзначае гімназістка і не перастае дзякаваць за падтрымку і дапамогу сваёй настаўніцы рускай мовы і літаратуры Людміле Раманенка.
– Юля тонка адчувае слова. Працаздольная, старанная і вельмі начытаная. У мінулым годзе ў абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры была адзначана дыпломам III ступені. А яе ўзнагарода ў алімпіядзе Саюзнай дзяржавы, – красамоўны працяг, які сведчыць пра вялікую працу і здольнасці дзяўчыны, – ганарыцца сваёй выхаванкай Людміла Пятроўна.
Дарэчы, у Людмілы Раманенка добры вопыт у падрыхтоўцы дыпламантаў алімпіяд рознага ўзроўню. Да гэтага яе вучань Міхаіл Літвіненка быў сярод пераможцаў алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы. Як і гімназіст Антон Мацейчык, які 5 гадоў назад з педагогам Генадзіем Шадурам дасягнуў аналагічнага выніку.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Всегда удивляюсь выдержке юных талантов. Это ж какая нужна сила воли и характер, нервы, чтобы не сплоховать перед комиссией и суметь показать знания. Гимназистка не подвела. Приятно, что среди победителей блистали и Ляховичи.