Відушчае сэрца. З 15 кастрычніка па 15 лістапада ў Ляхавіцкім раёне праходзіў рэспубліканскі месячнік «Чалавек з белым кіем»
Заплюшчыўшы вочы, здаровы чалавек можа паспрабаваць уявіць свет, у якім жывуць інваліды па зроку. Для яго гэта часовы эксперымент, а некаторым нашым землякам даводзіцца мірыцца з гэтым доўгія гады. Але яны не замыкаюцца ў сабе і актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці. 166 чалавек розных па ўзросце, якія па волі лёсу засталіся без магчымасці добра, а то і наогул бачыць, хочуць прыносіць карысць і прэтэндуюць на раўнапраўе ў атрыманні адукацыі, працаўладкаванні. Вельмі важна, каб яны не адчувалі сябе бездапаможнымі на вуліцах. Таму адна з мэт рэспубліканскага месячніка “Чалавек з белым кіем”, што праходзіў з 15 кастрычніка па 15 лістапада, – прыцягненне ўвагі грамадскасці да праблем гэтых моцных духам людзей. Члены Ляхавіцкай раённай арганізацыі інвалідаў па зроку сустракаліся са старшакласнікамі СШ № 1, ладзілі іншыя мера-прыемствы. Валянціна Кахновіч і Кацярына Нікалайчык, напрыклад, прынялі ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Я – самы рэабілітаваны”.
Нагадаю, што інваліды па зроку I і II груп пры наяўнасці неабходных дакументаў і медыцынскага заключэння могуць звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і атрымаць з 75-працэнтнай скідкай за кошт сродкаў мясцовага бюджэту гукавыя гадзіннікі, плэеры ці смартфоны, з 50-працэнтнай у мясцовай “Оптыцы” – танометры і тэрмометры.
Кожнаму інваліду па зроку “Белтэлекам” бясплатна прадаставіў радыёпрыёмнік. Дзеці-інваліды пасля заканчэння школы маюць ільготы пры паступленні ў Гродзенскае медвучылішча па спецыяльнасці “масажыст”.
Страта зроку – не канец жыцця, а ў нейкай меры выпрабаванне чалавека на трываласць. І гэта даказваюць штодзень члены нашай арганізацыі.
Алена ПІШЧ,
старшыня праўлення раённай арганізацыі БТІЗ.