У сваёй манеры
У горадзе над Бугам завяршылася першынство вобласці па лёгкай атлетыцы. Яго галоўнымі дзеючымі асобамі з’яўляліся 12-13-гадовыя хлопчыкі і дзяўчынкі. У якасці гульнявой арэны выступала лепшая на Брэстчыне спецыялізаваная зала – Брэсцкі лёгкаатлетычны манеж. Праграма любога закрытага лёгкаатлетычнага форуму традыцыйна ўключае кароткія і сярэднія бегавыя дыстанцыі, гарызантальныя і вертыкальныя скачкі, іншае. Ляхавічане толькі бегалі. І ў сваёй манеры, якая, несумненна, вызначаецца паспяховасцю. Вось і на гэты раз усе 7 удзельнікаў каманды заслужылі права выступіць на сваіх дыстанцыях у фінальных забегах – трапілі ў васьмёрку мацнейшых.
Але лепш за іншых “брэсцкі” залік здала Ганна Макоўская (на здымку). На фінішы складанай, патрабуючай ад спартсмена і скорасці, і вынослівасці, двухкіламетровай дыстанцыі наша Аня аказалася першай. Другім на фініш 60-метровай дыстанцыі “накаціў” Мікіта Вайцешык, а Марына Арцёмчык здабыла “бронзу” ў бегу на 300 метраў.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.