Ваенны маршрут разведчыка Гунько
Ён любіць вясну. Лічыць, што менавіта гэта пара года вельмі спрыяе здароўю, адчуванню бадзёрасці. А яшчэ менавіта вясной галоўнае свята, да якога мае непасрэднае дачыненне ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Хаця зноў жа вясной, 25 красавіка 1945 года, у ахопленым агнём Берліне варожая куля прайшла ў некалькіх міліметрах ад скроні адважнага разведчыка, толькі злёгку параніла. Ён застаўся жывым. І выканаў свой абавязак: ваяваў, разбіў ворага і вярнуўся дамоў.
Але гэта ў лёсе Аляксандра Гунько будзе пасля. Спачатку былі іншыя падзеі і даты. Калі да Заполля дайшла страшная вестка пра вайну, маці Сашы праплакала ўсю ноч: дужа непакоілася за старэйшага сына, які служыў у Чырвонай Арміі з 1939 года. Васямнаццацігадовы Аляксандр як мог супакойваў маці, сам употайку хаваў слёзы. Як жа яму хацелася на фронт.
Юнак не збіраўся сядзець склаўшы рукі і глядзець, як фашысты ўсталёўваюць свой парадак: расстрэльваюць партыйных і камсамольскіх актывістаў, мірных жыхароў, здзекуюцца, катуюць, адпраўляюць моладзь у няволю ў Германію, грабяць. Як толькі ў тутэйшых лясах былі арганізаваны партызанскія атрады, адразу стаў сувязным. Трымаў сувязь з партызанамі атраду, якім камандаваў славуты Кірыл Арлоўскі, дапамагаў народным мсціўцам партызанскай брыгады імя Грызадубавай. Аляксандр Міхайлавіч і сёння памятае, як напачатку лютага
1944 года, дзякуючы партызанскаму атраду, была спынена жорсткая расправа фашыстаў над мірнымі жыхарамі Рагачоў. Немцы паспелі забіць 14 чалавек, некалькі параніць, былі сярод загінуўшых і партызанскія сувязныя…
У жніўні 1944 года партызанскага сувязнога прызвалі ў дзеючую армію. Ён стаў франтавым разведчыкам, вызваляў ад гітлераўцаў Польшчу, фарсіраваў Одэр. Рашучы, смелы, пільны, умеў дакладна арыентавацца на невядомай мясцовасці, таму адразу засвоіў навуку разведчыка. Не адзін “язык” на рахунку разведвальнага атраду, у склад якога ўваходзіў і наш зямляк Аляксандр Гунько.
– Мы ваявалі плячом да пляча – рускі і беларус, украінец і казах, грузін і армянін. Перад намі быў агульны вораг, за намі – вялікая краіна. Таму і заваявалі перамогу, бо былі адзіныя, – перакананы ветэран.
У яго памяці – твары загінуўшых аднапалчан. Разам яны марылі, што закончаць доўгую і страшную вайну, а потым будуць прыязджаць адзін да аднаго ў госці… Аляксандр Гунько застаўся жывы, хаця пераможныя залпы пачуў у шпіталі, куды трапіў пасля ранення.
Дэмабілізаваўся салдат у 1946 годзе, вярнуўся ў роднае Заполле. На шчасце, жывымі, няхай і параненымі, прыйшлі з вайны і браты Сяргей і Уладзімір.
І пачалося мірнае жыццё. Аляксандр ажаніўся. Разам з жонкай выхавалі чацвярых дзяцей, дачакаліся ўнукаў. Сёння ветэран жыве адзін, жонка памерла, дзеці раз’ехаліся, але бацькоўскі дом не забываюць, наведваюць часта, дапамагаюць па гаспадарцы. Клапоціцца пра ветэрана і ўлада. Вось і сёлета за бюджэтныя сродкі зрабілі новую печ, замянілі электраправодку. Дапамагае сацыяльны работнік, шэфствуюць школьнікі – не даюць заслужанаму чалавеку сумаваць і заставацца сам-насам са сваімі праблемамі. На доме шаноўнага земляка ў Заполлі – чырвоная зорачка: тут жыве ветэран.
Штовечар уключае Аляксандр Міхайлавіч тэлевізар, каб абавязкова паслухаць навіны, паглядзець фільм – асабліва любіць ваенныя стужкі. І ўспамінае сваю баявую маладосць: колькі партызанскіх сцяжынак пратаптана, колькі франтавых дарог пройдзена, колькі кіламетраў разведчык прапоўз у тыле ворага, колькіх сяброў пахаваў. Колькі ўсяго перажыў… Выстаяў, не зламаўся. І зноў чакае вясну, калі апране святочны пінжак з россыпам медалёў, сярод якіх – ордэн Айчыннай вайны – за мужнасць і гераізм.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.