Мір усяму галава

Ні суперпрагрэс, ні прагматызм, нішто іншае не ў стане паўплываць на шчымлівае пачуццё, якое поўніць сэрца нават ад сузірання гэтага сюжэта: кораткапастрыжаны прызыўнік ля ваенкамата, побач бацька і мама, якая ўпотай выцірае слёзы, дзяўчына шэпча «буду чакаць…» Наступны раз свайго дарагога хлопчыка яны ўбачаць салдатам, абаронцам Айчыны, вартавым міру. Няма больш важнай мужчынскай місіі, чым адказваць за чыстае неба, бесклапотны дзіцячы смех, шчаслівыя вочы закаханых, спакой на маршчыністых тварах ветэранаў. У страі ўнукі-праўнукі герояў Вялікай Айчыннай. І модныя атрыбуты сучаснага вобраза цьмянеюць перад колерам хакі, воінскай выпраўкай, дакладным строем, гучным маршам.

Паўсотні нашых землякоў-ляхавічан павесткі восеньскага прызыву-2015 даўно атрымалі, і прагучала ўжо для іх каманда «ў строй!». Іх чакае не гульня, а сапраўдная армейская служба. Іх чакае загартоўка і вучоба і заўсёдны экзамен на вартасць, на права звацца абаронцам. Сем дзесяцігоддзяў на роднай зямлі мір. У 1944-м Беларусь была вызвалена ад фашысцкіх акупантаў, у 1945-м май расквеціў яе пераможным салютам. Сёлетні юбілей – прыгожы, урачысты, дарагі сэрцу – прымусіў асабліва пільна паглядзець на свет, на тое, што маем мы са складальнікаў шчаслівага жыцця-быцця. Галоўная першапачатковая ўмова – мір. Ён успрымаецца канстантай, данасцю настолькі, што часта не задумваемся ў штодзённай мітусні пра яго – гэта як пра паветра: калі яно ёсць, чалавек проста дыхае, калі ж кісларод перакрыты… – бяда.

А недзе на планеце Зямля неспакойна. Трывожна. Тэрарызм кідае новыя і новыя выклікі жыццю. Гінуць людзі. Людзі, якія прывыклі да міру, якія хочуць міру, якія супраць забойстваў, выбухаў, куль, нацэленых у дзіцячую ўсмешку, у юнацкую будучыню, у трываласць,зрэшты, у само жыццё. У небе над Сірыяй… У цэнтры Парыжа…. У далёкім Малі… Недзе там, у нянашых каардынатах. А вазьміце глобус – як жа ўсё гэта побач, на адным шарыку, які імчыць вакол сонца краіны і кантыненты, народы і кожнага асобнага чалавека. Магчыма, буслы, якія паляцелі з Беларусі ў вырай, цяпер там, дзе чуюцца стрэлы…

На маленькай планеце ёсць вечныя леднікі і экватарыяльная спёка, тундра і джунглі, акіяны і пустыні, радасць і бяда, мір і вайна. Вялікае шчасце, што нашы хлопчыкі, якія становяцца салдатамі, нясуць службу ў мірнай краіне. Якое гэта ні з чым непараўнальнае адчуванне – калі вера, надзея і любоў у сваім гарманічным трыадзінстве, калі няма іксоў у такім высакародным паняцці як патрыятызм; калі дзяржава шануе гісторыю і клапоціцца бязмежна, каб яе далейшыя старонкі былі напоўнены стваральным зместам. А змест мае на ўвазе, па-першае, мір, абавязкова мір. Нікога не трэба пераконваць у гэтым – усё відавочна і празрыста і называецца палітыкай міру, міратворчымі ініцыятывамі, мірнымі планамі.

Мы шануем сваю гісторыю. Шануем сваё сёння. Марым пра светлае заўтра. І што тут звышнатуральнага?! Звычайная прага людзей, якія жадаюць шчасця «в этом мире большом». І дзеля гэтага, у тым ліку, праважаем у армію сваіх дарагіх васямнаццацігадовых хлопчыкаў, і яны становяцца абаронцамі, мужнымі і надзейнымі.

Мір усяму галава.

Мір нашаму дому.

Вольга БАРАДЗІНА.

One thought on “Мір усяму галава

  • 29/11/2015 в 23:55
    Permalink

    Праўду напісалі. Не трэба ніякае багацце, толькі каб заўсёды быў мір, спакой і згода. Мір — самая вялікая каштоўнасць. Няхай нашы хлопчыкі адпрацоўваюць воінскія ўменні ў незалежнай Беларусі і ніколі маці не прыйдзецца адпраўляць сваіх сыноў у гарачыя кропкі

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *