Поліс упэўненасці. У суботу – Дзень страхавых работнікаў
Прыкметай часу становіцца страхаванне ў самых розных жыццёвых сітуацыях. Буйнейшая страхавая арганізацыя краіны Белдзяржстрах прапануе сваім кліентам больш за 100 варыянтаў добраахвотнага і абавязковага страхавання. Штораз страхоўшчыкі прыемна здзіўляюць нечым новенькім. Напрыклад, прапанавалі страхаванне бяспекі веласіпедыстаў, дзе акцэнт робіцца на страхаванні транспартнага сродку з некалькімі прыемнымі бонусамі для аматараў двухколавага транспарту.
Насельніцтва сёння афармляе страхавыя полісы не толькі ад няшчасных выпадкаў, захворванняў і траўмаў, абараняе з іх дапамогай збудаванні і дамашнюю маёмасць, але і карыстаецца эксклюзіўнымі паслугамі страхавання, напрыклад, пародзістых жывёл. Многія сем’і ўмеюць правільна гаспадарыць, таму пабудаваўшы кватэры і зрабіўшы дарагі рамонт, заключаюць дагавор комплекснага страхавання кватэр, які ўключае страхаванне кватэры, хатняй маёмасці і грамадзянскай адказнасці ўладальнікаў кватэр. З полісам Белдзяржстраху не страшныя ні патоп, ні пажар, ні іншыя непрыемнасці.
Традыцыйна ў першую суботу снежня страхоўшчыкі адзначаюць прафесійнае свята. Да гэтага дня супрацоўнікі прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Ляхавіцкім раёне падышлі з выдатным настроем. Па выніках работы за мінулы год калектыў занесены на рэспубліканскую Дошку гонару Белдзяржстраху, а партрэт дырэктара прадстаўніцтва Іны Шугаевай – на Дошку гонару філіяла Белдзяржстраху па Брэсцкай вобласці. Гэта вынік прадукцыйнай працы 13 страхавых агентаў і 10 штатных супрацоўнікаў. Страхавых агентаў добра ведаюць землякі, ім давяраюць, з імі раяцца, звяртаюцца да іх і ў будні, і ў выхадныя дні.
Прадстаўніцтва імкнецца ахапіць сваімі паслугамі як фізічных, так і юрыдычных асоб. Доля ўзносаў апошніх склала амаль што палову. Гэты год для аграрыяў раёна быў не самы лёгкі, сур’ёзна пацярпелі пасевы сельгаскультур. Белдзяржстрах сваіх партнёраў-кліентаў не пакідае – па дагаворах страхавання сельгаспрадпрыемствы атрымалі значную фінансавую падтрымку.
Поспех арганізацыі – гэта, безумоўна, заслуга ўсяго калектыву і кожнага работніка на сваім працоўным месцы. Больш за 30 гадоў у прафесіі страхавы агент Святлана Аніскевіч, вядучы спецыяліст Марыя Клапаток. Больш за дзесяцігоддзе працуюць Аляксандр Церах, Вольга Гнацюк, Зінаіда Васілеўская. У конкурсе прафесійнага майстэрства “Лепшы па прафесіі” сярод страхавых агентаў прадстаўніцтваў Белдзяржстраху вобласці Вольга Гнацюк у намінацыі “Страхавы агент – гэта прызванне” стала лепшай.
– Галоўная наша задача – служыць інтарэсам кліента. Дзелавая рэпутацыя Белдзяржстраху пацверджана яго амаль 95-гадовай гісторыяй – менавіта столькі ў наступным годзе споўніцца рэспубліканскаму прадпрыемству, – адзначае дырэктар прадстаўніцтва Іна Шугаева. – Са святам вас, калегі! А нашым кліентам – дабрабыту і выдатнага настрою.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.