Узрост сапраўднага мужчыны
У 50 жыццё толькі пачынаецца. Трэба, аднак, на хвіліну спыніцца і аддаць даніну павагі таму, што было…” — жартуе Валерый Богнат. А было столькі цудоўных імгненняў! Як далёкае і адначасова вельмі блізкае ўспамінаецца родная вёска Нечатава на Століншчыне, што нібы заблудзілася сярод непраходных балот. Безумоўна, іменна гэтая акалічнасць і вызначыла далейшы жыццёвы шлях палескага юнака: Валерый цвёрда вырашыў пераўтварыць топкае наваколле ў хлебны рай. Пасля заканчэння школы паступіў вучыцца ў Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут, атрымаў спецыяльнасць інжынера-гідратэхніка і вярнуўся на Століншчыну ў ПМК-62 у якасці майстра-прараба. Збываліся мары: меліярацыя адкрывала для палешукоў дарогі…
Пасля таго масавага штурму балот з’явіліся розныя меркаванні наконт вартасці пераўтварэння Палесся. А Валерый Уладзіміравіч перакананы, што гэта правільны курс:
— Сёння 32 працэнты зямельных угоддзяў краіны, на якіх вырошчваюцца выдатныя ўраджаі зерневых, – былыя балоты, – гаворыць Валерый Богнат. – А каб іх яшчэ эксплуатавалі так, як трэба – цаны б не было палескім землям.
Малады, энергічны, ініцыятыўны спецыяліст вельмі хутка стаў галоўным інжынерам. А ў 2004 годзе яму прапанавалі ўзначаліць меліярацыйнае прадпрыемства ў Ляхавічах. Успамінае, як доўга думаў з чаго пачаць аднаўленне арганізацыі. Трапіў на нараду ў раён, дзе быў засыпаны заўвагамі, прэтэнзіямі, патрабаваннямі адносна канкрэтных аб’ектаў. А ён яшчэ нават не ведаў, дзе яны размешчаны…
— Я зразумеў, што хопіць “лятаць у аблоках”, трэба працаваць. І апантана ўзяўся за справу.
У яго атрымалася, хоць некаторы час не верылася, што ПМС можна падняць на ногі. Богнат згуртаваў калектыў, даў людзям работу і зарплату. Сёння УП ”Ляхавіцкае ПМС” лічыцца адной з лепшых арганізацый меліярацыйнай сістэмы краіны.
Усе гэтыя імгненні жыцця праляцелі хуткакрылай птушкай. Аднак наперадзе новыя гарызонты, новыя планы і задумы, якія, несумненна, пад сілу Валерыю Богнату. Ён не намераны мяняць сваіх жыццёвых прыярытэтаў: заўсёды ставіў перад сабой мэты і імкнуўся да іх. І цяпер бачыць сваю арганізацыю яшчэ больш моцнай, тэхнічна пераўзброенай, здольнай на вялікія справы.
А сваім надзейным “тылам” Валерый Уладзіміравіч лічыць сям’ю: жонка, два сыны для яго — крыніца натхнення, радасці і шчасця. І яшчэ. Вельмі часта ён адчувае нясцерпнае жаданне пабываць у бацькоўскім доме ў вёсцы Нечатава, дзе, на шчасце, яшчэ жывуць маці і бацька. І тады ён садзіцца на першы цягнік да Гарыні, а там рукой падаць…