РАМАНтычны футбол

Што азначае футбол незвычайны, казачна эмацыянальны, які выклікае захапленне, прыўздымае над будзённасцю, дорыць настрой. І, канешне ж, – прыгожы сваёй выніковасцю? Сапраўдныя заўзятары ўсё гэта добра ведаюць і, хоць бы на тэлевізійным экране, але неаднойчы бачылі. У тым ліку і, ў выкананні лепшага ў гісторыі беларускіх чэмпіянатаў бамбардзіра Рамана Васілюка. Апошні сезон брастчанін правёў у родным “Дынама”, але амаль за 20 футбольных гадоў былі ў кар’еры Рамана і куды больш “топавыя” каманды. Нацыянальная зборная краіны, напрыклад, з клубаў – маскоўскі “Спартак” і іншыя. З канца лістапада сярод гэтых іншых знайшлося месца “Меліяратару”. Зараз каманда, якую патраніруе Ляхавіцкае прадпрыемства меліярацыйных сістэм, на занальным узроўні змагаецца за права выхаду ў фінальную стадыю чэмпіянату вобласці па міні-футболе.
Пакуль усё складваецца: пасля дзевяці тураў “паляпшальнікі зямлі” з 25 заліковымі баламі ў скарбонцы (8 перамог і адна нічыя) узначальваюць турнірную табліцу. Пра сілу каманды сведчыць і выдатная розніца забітых і прапушчаных мячоў – 53 на карысць “Меліяратара”.
Раман Васілюк пакуль толькі аднойчы дапамог “Меліяратару”. Зорны форвард ступіў на паркет спартыўнага комплексу “Атлант” у сустрэчы восьмага тура супраць баранавіцкага “Тэмпа”.
Сваім бачаннем той гульні з “ЛВ” падзяліўся яе відавочца і ініцыятар гучнага “трансферу” дырэктар ПМС Сяргей Юшкевіч.
– Не прайшло і дзвюх мінут пасля стартавага свістка, як лік забітым мячам быў адкрыты. Аўтарам гола стаў Васілюк. Зрэшты, увесь астатні час Раман у нападзенні асабліва не актыўнічаў. “Адцягваўся” ў абарону, выконваў ролю дыспетчара, удзельнічаў у арганізацыі атакуючых дзеянняў. У адзін з момантаў “выразаў” з  глыбіні пляцоўкі сапраўдны пас-заглядзенне. Нашы забілі, у адваротным выпадку было б вельмі крыўдна ад усведамлення, што нападзенне не скарысталася такім падарункам майстра. Адзін з баранавіцкіх футбольных трэнераў заўважыў, што на прыкладзе Рамана нядрэнна было б вучыць футболу дзяцей. А вось па-за пляцоўкай няпроста ўбачыць у Васілюку футбольнага генія. Сярэдняга росту, паважлівы, ветлівы ў паводзінах, нешматслоўны. Спадзяёмся ўбачыць яго ўжо ў сённяшняй гульні. Калі ж не, то праз тыдзень – абавязкова.
Застаецца дабавіць: прыязджайце, прыходзьце балець за футбол.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *