Першае зімовае выпрабаванне /фота/
Снег, які выпаў вечарам у мінулую нядзелю, акрамя адчування сапраўднай зімы прынёс нямала непрыемнасцяў. Намяло на дарогі, палі, вуліцы, дахі будынкаў. І пачаліся праблемы. Асабліва адчувальныя нязручнасці на неасфальтаваных дарогах, калі колам, абутым нават у зімовую гуму, слізка. Як нагадалі ў АДАІ, у такі час вадзіцелям трэба быць надзвычай асцярожнымі і ўважлівымі, неабходна захоўваць скорасныя рэжымы, калі сцямнее – не забываць пра бліжняе святло фар, а пешаходам вельмі важна пазначаць сябе святлоадбівальнымі элементамі.
Дарожныя службы хоць і працуюць у штатным рэжыме, але клопатаў прыбавілася. Начальнік ДРБУ-200 Ігар Пілінога расказаў, што з апоўначы 14 снежня літа-ральна ўся тэхніка арганізацыі была задзейнічана на расчыстцы дарог. Таксама з раніцы панядзелка брыгады выехалі на ўборку дрэў, што ўпалі на дарогу Гайнін-Гайнінец. Расчышчаліся аўтобусныя прыпынкі.
У горадзе дарогі і тратуары ад снегу вызваляюць камунальнікі. У ліквідацыі наступстваў снегападу былі задзейнічаны падраздзяленні РАНС.
Нямала праблем стварыла наліпанне мокрага снегу на лініях электраперадач. Як паведамілі ў раёне электрасетак, аварыйнае адключэнне электразабеспячэння з-за абрываў ліній адбылося ў 36 населеных пунктах Ляхавіччыны. Былі абясточаны 7 фермаў, Конькаўскі комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа, Крывошынская і Мядзведзіцкая СШ (трэба адзначыць, заняткі ў навучальных установах пачаліся па раскладзе), Крывошынскія абласная псіхіятрычная і ўчастковая бальніцы. Работы па аднаўленні падачы святла доўжыліся на працягу панядзелка.
Усе экстранныя службы, чыгуначны вакзал і аўтастанцыя працуюць у звычайным рэжыме.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.