Непрыватныя абставіны

Пытанне выканання раённага плана мерапрыемстваў па прафілактыцы правапарушэнняў разгледжана на чарговай апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама. Справаздачу зрабіў начальнік РАУС Эльдар Вільчкоўскі.

Адзін з пунктаў плана прадугледжвае абсталяванне сістэмай відэаназірання 30-ці аб’ектаў – месцы масавага збору людзей. На сёння 25 з іх пад пільным вокам тэхнікі. Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч даручыў узяць пад кантроль і астатнія.

Дзеля ўмацавання правапарадку супрацоўнікі міліцыі праводзяць растлумачальную і інфармацыйна-прапагандысцкую работу ў працоўных калектывах і навучальных установах. Пад асаблівай увагай адзінокія і адзінока пражываючыя пажылыя грамадзяне, інваліды, асацыяльныя асобы. Больш за 1600 адрасоў сёлета наведалі міліцыянеры з мэтай павышэння бяспекі пажылых людзей.

Прафілактычная работа ўключае, у тым ліку, прапаганду здаровага ладу жыцця, выяўленне асоб, якія займаюцца незаконным абаротам наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, кантроль за выкананнем правілаў дарожнага руху, папярэджанне ДТЗ.

Праваахоўныя органы праводзяць мерапрыемствы, накіраваныя супраць эканамічных правапарушэнняў. З пачатку года выяўлены 2 парушэнні ў сферы абароту алкагольнай прадукцыі – канфіскавана 210 літраў гарэлкі і 1152 літры піва. Зарэгістраваны 4 факты фальшываманецтва, узбуджана крымінальная справа за незаконны продаж ювелірных вырабаў, нелегальна ўвезеных на тэрыторыю рэспублікі, канфіскаваны таварна-матэрыяльныя каштоўнасці на суму больш за 611 мільёнаў рублёў. І гэта няпоўны пералік выяўленых супрацьзаконных фактаў. Ішла прадметная размова пра ўдасканаленне прафілактычнай работы.

Другім пытаннем апаратнай нарады было выкананне плана па нарыхтоўцы другаснай сыравіны. Актыўны ўклад у гэтую справу павінна ўносіць і насельніцтва, напрыклад, паасобна збіраючы розныя віды адходаў. Але кантэйнераў для збору пластыку, макулатуры, шкла нават у райцэнтры не хапае. На працягу пэўнага часу камунгас абяцае: вось-вось кантэйнераў прыбавіцца, маўляў, аплацілі-закупілі. Але пакуль маем тое, што маем…

Часам людзі скардзяцца на якасць дарог, але часта гаспадары домаўладанняў самі і становяцца іх разбуральнікамі. Як гэта адбываецца, напрыклад, па вуліцы Кастрычніцкай райцэнтра. Пракладзены яшчэ да “Дажынак” асфальт доўга тут не пратрымаўся: людзі праводзяць да сваіх дамоў газ і іншыя выгоды, пры гэтым ламаюць дарожнае пакрыццё. А тое, што абавязаны яго аднавіць, – забываюцца.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *