КРЫМІНАЛ. ЗДАРЭННІ

“Экспрапрыяцыя” з крымінальным адценнем
Праз акно зладзеі залезлі ў адну з хат у вёсцы Меляхі і ўкралі мікрахвалёвую печ, помпу, пасцельную бялізу і іншую маёмасць на 540000 рублёў.
У гэты ж дзень з дома ў вёсцы Перахрэсце вынеслі ўсякага дабра на суму звыш 600 000 рублёў (злодзея знайшлі па гарачых слядах – на чужое паквапіўся жыхар Клецкага раёна).
Гаспадыня са Свяціцы «недалічылася» ў падсобным памяшканні ўласнай хаты 60 кілаграмаў салёнага сала.
Амаль цэлы месяц 32-гадовы жыхар вёскі Галаўнінцы паціху краў сухое малако са складскога памяшкання ЗАТ “Белпрампрыбор”. Злодзей навучыўся падбіраць ключы да склада і вынес адтуль 9 мяхоў сухога малака на суму – 1259775 рублёў.

А золата адкуль?
Паўторна міліцыянеры затрымалі 58-гадовую ляхавічанку, якая гандлявала залатымі і сярэбранымі вырабамі. У яе доме праваахоўнікі знайшлі каля двух дзясяткаў ювелірных вырабаў, іх кошт і паходжанне ўстанаўліваюцца. Падазроная знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.

Атэла на сучасны лад
Супраць 70-гадовага ляхавічаніна ўзбуджана крымінальная справа па частцы 2 артыкула 223 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Пенсіянер часта пагражаў сваёй былой жонцы смерцю, і нават спрабаваў ажыццявіць свой злачынны намер.
На лячэнне ў райбальніцу дастаўлена маладая жанчына з вёскі Тухавічы ў стане алкагольнага ап’янення і з цялеснымі пашкоджаннямі, якія атрымала ад свайго аднавяскоўца падчас высвятлення адносін.
За рыбку – адкажа
Давядзецца адказваць перад законам тухавіцкаму аматару рыбнай лоўлі не па правілах, які выкарыстоваў для гэтага забароненыя прадметы. Тым самым нанёс страту навакольнаму асяроддзю ў памеры 2380000 рублёў.
Аляксандр ЕРМАКОЎ, начальнік РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *