Дзелавая пятніца, ці Бяспекі многа не бывае
Не дзеля агітацыі, а ў якасці лічбавых аргументаў, з дапамогай якіх лягчэй зразумець эканамічную сілу і сацыяльную значнасць малога бізнесу: сёння прыватны “прафсаюз” раёна складаюць 117 малых прадпрыемстваў, 20 сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак і 392 прадпрымальнікі-індывідуалы. Занятыя ў бізнес-сферы 1770 чалавек – гэта прыкладна 18 працэнтаў ад усёй колькасці работнікаў Ляхавіччыны. І каля 42 працэнтаў паступленняў у бюджэт раёна фарміруюць іменна ІП, фермеры, малыя прадпрыемствы і іншыя структуры недзяржаўнай формы ўласнасці.
У адну са снежаньскіх пятніц зала Дома Саветаў нагадвала вялікую бізнес-пляцоўку. Каля шасці дзясяткаў кіраўнікоў і спецыялістаў арганізацый малога прадпрымальніцтва па запрашэнні ўлады ўдзельнічалі ў семінары па пытаннях аховы і аплаты працы, падатковага заканадаўства, атэстацыі працоўных месцаў, тэхнікі бяспекі.
У тым ліку і як важны фактар эканамічнай стабільнасці ахарактарызаваў прадпрымальніцтва старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч. Адносна тэмы семінара, то, па перакананні кіраўніка раёна, непаразуменняў, “рашэнняў напалавіну” тут быць не павінна. Ашчаднасць, узведзеная ў культ, абавязана стаць нормай у пытаннях аховы працы і тэхнікі бяспекі, сацыяльных правоў і абавязкаў работнікаў, падаткаабкладання і ім падобных. Да таго ж, гэтыя нормы і пытанні становяцца больш жорсткімі, прад’яўляюць усё новыя і новыя патрабаванні і да наймальнікаў, і да наёмных работнікаў.
Ахова працы
Гэты год прынёс некалькі істотных карэкціровак у і без таго, здавалася б, вывераную сістэму АП і ТБ на вытворчасці. Але, як пазначыў галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Мікалай Бурбуць, тэхнічны прагрэс, удасканаленне вытворчасці працэсаў карэкціруюць і адносіны да правілаў бяспекі пры выкананні работ. Так сумеснай пастановай міністэрстваў сацыяльнай абароны і аховы здароўя з гэтага года істотна пашыраны спіс работ (прафесій), пры выкананні якіх патрабуецца перадзменны (перад пачаткам работы, змены) медыцынскі агляд работнікаў на прадмет алкагольнага, наркатычнага або таксічнага ап’янення. Раней даную працэдуру патрабавалася праходзіць толькі вадзіцелям механічных транспартных сродкаў. Зараз патрабаванне распаўсюджваецца на 13 відаў работ і 45 прафесій. У іх ліку страхары, лесарубы і вальшчыкі лесу, работнікі, што займаюцца перамяшчэннем або ўнясеннем пестыцыдаў і гербіцыдаў, кранаўшчыкі, кампрэсаршчыкі, мантажнікі будканструкцый, стропальшчыкі, вадзіцелі пагрузчыкаў і іншыя. Пастанова прынята ў мэтах рэалізацыі права работнікаў на здароўе і бяспечныя ўмовы працы, змяншэння траўматызму.
Акрамя таго, зараз наймальніку дадзена права “тэсціраваць” сваіх работнікаў на прадмет ужывання алкаголю і наркотыкаў у любы час на працягу працоўнай змены. У тым, канешне, выпадку, калі на тое ёсць падстава. Прысутнасць медыка пры гэтым не абавязковая. Пры наяўнасці сертыфікаванага алкатэстара праверку можа выканаць любы ўпаўнаважаны на тое работнік. Незалежна ад кваліфікацыі, аднак, у прысутнасці двух сведак. Адмова ад праходжання экспрэс-тэстаў служыць падставай для адлучэння “адмоўніка” ад работы ў адпаведны дзень ці змену. У выпадку нязгоды работніка з вынікамі праведзенага тэста, ён мае права прайсці паўторны агляд ва ўстанове аховы здароўя.
Аплата працы
Пра “зарплатныя” абавязкі наймальнікаў і “зарплатныя” правы наёмных работнікаў удзельнікам семінара расказала загадчык сектара ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Людміла Ланкуць. Акцэнт быў зроблены на новаўвядзеннях, найбольш частых зваротах, спрэчных пытаннях, выяўленых у ходзе праведзенага ўпраўленнем маніторынгу. Усё банальна: несвоечасовасць рознага роду разлікаў з’яўляецца найбольш характэрным парушэннем наймальнікаў у дачыненні сваіх работнікаў. “Забываюцца” ў вызначаны тэрмін аддаць месячны заработак, адпускную дапамогу, разліковыя ў выпадку звальнення.
– Ні няведанне заканадаўства, ні адсутнасць грашовых сродкаў на разліковым рахунку не з’яўляюцца ўважлівымі прычынамі для затрымкі выплат, – заявіла дакладчык. І агучыла асноўныя заканадаўчыя правілы, якія рэгулююць парадак выплат. За выключэннем асобных катэгорый работнікаў, заработная плата павінна выплачвацца не менш двух разоў у месяц. Калі ўстаноўлены зарплатны тэрмін выпадае на выхадны або святочны дзень, атрымаць заробленае людзі павінны напярэдадні. Дапускаюцца грашовая, натуральная і змешаная формы аплаты. Аднак, замена грашовай зарплаты на часткова ці поўнасцю натуральную або змешаную – толькі са згоды работніка. Да таго ж, не любы тавар можа выступіць у якасці заработку. На права разлічвацца з працаўніком пры пасрэдніцтве банкаўскай пластыкавай карткі таксама патрэбна яго пісьмовая згода. У адпаведнасці з законам, дзень звальнення з работы павінен стаць і днём канчатковага грашовага разліку са звольненым. Такім днём лічыцца апошні дзень працы. Не самае галоўнае, хоць, безумоўна, важнае: абавязковым дапаўненнем да заработнай платы павінен быць так званы разліковы лісток з падрабязным раскладам налічаных і ўтрыманых сум. Ну і, нарэшце, кіраўнік арганізацыі – заўсёды апошні ў чарзе за заработнай платай. Інакш кажучы, спачатку разлічыся з работнікамі сваёй арганізацыі, пасля атрымай сваю. Прыведзеныя правілы адрозніваюцца яшчэ і тым, што не маюць выключэнняў, і любыя адхіленні ад іх лічацца незаконнымі.
Праца па новых правілах
Па інфармацыі начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Ляхавіцкім раёне Анатолія Жабіка, за 11 месяцаў года ў бюджэт раёна паступіла 135 мільярдаў рублёў. У тым ліку больш як на 5,2 мільярда рублёў папоўнілі бюджэтную скарбонку раёна індывідуальныя прадпрымальнікі. Адно з найбольш актуальных пытанняў для ІП, безумоўна, тое, што са студзеня 2016 года наступае тэрмін, калі гандляваць таварамі імпартнага легпраму можна толькі пры наяўнасці таварна-суправаджальных дакументаў і сертыфікатаў якасці. Такім чынам, з новага года гандляваць несертыфікаваным таварам забараняецца: ні ў розніцу, ні оптам, ні на ўмовах любога іншага адчужэння. “Шэры” тавар не можа быць выкарыстаны ў якасці ўзносу ў статутны фонд унітарных прадпрыемстваў. ІП, якія не змогуць да 31 снежня рэалізаваць апісаныя таварныя рэшткі, вымушаны будуць вывесці іх з камерцыйнага абароту. У гандлёвых аб’ектах яны становяцца “персонамі нон-грата”. З 2016 года распараджацца нерэалізаванымі несертыфікаванымі таварамі ІП змогуць толькі ў асабістых, не звязаных з камерцыйнай дзейнасцю мэтах.
Іван КАВАЛЕНКА.