Вось такія “падснежнікі”
Тое, што родная зямля – ні з чым не параўнальная крыніца натхнення, вам засведчыць любы мастак, паэт, кампазітар, ды і не толькі чалавек творчы. Беражлівыя адносіны да зямлі, на якой жывём, працуем і адпачываем, павінны быць пастулатам для ўсіх і кожнага. Наводзіць і падтрымліваць элементарны парадак і чысціню навокал — наш абавязак.
Што лепш раскажа пра гаспадара (незалежна ад таго, уласны гэта дом ці адміністрацыйны будынак), чым вонкавы выгляд яго пабудовы і стан тэрыторыі вакол? Асабліва гэта выразна бачыцца вясной. Зімой смецце і недагледжанасць прыкрыты снегам, а вясной яны “распускаюцца падснежнікамі”. Таму руплівыя гаспадары, якім неабыякава – парадак ці наадварот вакол іх уладанняў, як толькі сыходзіць снег, пачынаюць чысціць, вымятаць і прыбіраць. На жаль, не ўсе клапоцяцца пра парадак і прымальны выгляд сваіх тэрыторый. Што і пацвердзіў апошні рэйд “ЛВ” па некаторых вуліцах райцэнтра.
Прадпрыемствы і арганізацыі ў сваёй большасці парадак навялі: падмецена, прыбрана, адноўлены бардзюры, адрамантаваны агароджы, нават зроблены альпійскія горкі. Такімі радуючымі вока фрагментамі сустрэлі сёлетнюю вясну тэрыторыі гаргазу, РАНС, ДРБУ-200, райпалівазбыту, ПМС, камунгаса і г.д. Відавочна, што тут папрацавалі старанна, сумленна і адказна. Увогуле, на цэнтральнай вуліцы горада – Леніна – чысціня і парадак заўжды. Даволі дагледжаны выгляд і ў гарадскіх паркаў. Дарэчы, яшчэ некалькі гадоў таму ў парку па вуліцы Дзесюкевіча была зусім іншая карціна: смецце, лісце, пластыкавыя бутэлькі, бытавыя адходы. Пра такі непрывабны пейзаж ужо нічога не нагадвае.
Парадкам і чысцінёй сустракаюць вясну і індывідуальныя забудоўшчыкі. На вуліцах Першамайскай, Чкалава, Савецкай, Кастрычніцкай, Южакова большасць гаспадароў старанна прыбралі на сваіх дварах і вакол дамоў, на прысядзібных участках. Але, на жаль, не ўсе і не ўсюды. Ёсць адрасы непарадку. Напрыклад, у двары дома № 24 па вуліцы Арлоўскага – сапраўдны ”шанхай”: паўразваленыя хляўчукі, выкінутая з нечай кватэры ванна, каркас ад былога аўтамабіля ніяк не пасуюць да акуратненькіх клумбаў і альпійскіх горак, якія размясціліся побач. На прысядзібным участку дома № 1 па завулку Сонечным таксама антыпарадак – бруд і смецце.
Як заўжды, прыемна паглядзець на тэрыторыі вакол ПМК-17, чыгуначнага вакзала: чыста, падмецена, падфарбавана – прычым, такі від і звонку, і на задворку. Варта было б павучыцца ў іх і ЗАТ “Ляхавіцкі завод металапластмас”. Перад уваходам на прад-прыемства добраўпарадкаваная тэрыторыя, падстрыжаныя кусты, арыгінальныя альпійскія горкі – чыста, утульна і акуратна. А калі зазірнуць далей — бліжэй да райпалівазбыту, то ля бетоннай агароджы ўбачыш завалы смецця ў выглядзе зрэзаных дрэў, кустоў, горы сухіх галін і г.д.
Зазірнулі і ў скверык ці пасадкі – паміж чыгуначным вакзалам і тэрыторыяй ПВГУП “Цвірко і К”. Зрухі ў бок парадку сёлетняй вясной у параўнанні з мінулагодняй адчувальныя, але магло б быць і лепш.
Праз дарогу, ля складскіх памяшканняў ПГУП “Ляхавіцкі аптгандаль” – горы нікому непатрэбных рэшткаў будаўнічых матэрыялаў.
Вось такія два полюсы людскога ўяўлення аб парадку і гаспадарлівасці давялося назіраць у райцэнтры. А вы навялі парадак вакол свайго дома ці месца работы?
Галіна КАНЬКО.