Зіхаціць і свеціцца. У Ляхавічах падведзены вынікі раённага агляду- конкурсу
Яркая ілюмінацыя – гэта не толькі прыгожа, але і вельмі пазітыўна. Калі на дварэ быў плюс, і не верылася, што Новы год вось-вось пастукаецца ў дзверы, святло гірляндаў надавала ўпэўненасці – свята адбудзецца. Прадпрыемствы, установы і арганізацыі ўсіх формаў уласнасці праявілі фантазію і ўпрыгожылі свае будынкі і тэрыторыі. Не апошнюю ролю ў такой перадсвяточнай актыўнасці іграе штогадовы раённы агляд-конкурс на лепшае навагодняе афармленне адміністрацыйных і грамадскіх будынкаў, аб’яўлены райвыканкамам.
Пры падвядзенні вынікаў сёлетняга конкурсу камісія ўлічвала арыгінальнасць афармлення і інавацыйны падыход да яго, маляўнічасць выканання, добраўпарадкаванне тэрыторыі.
Яшчэ здалёк вабіць вока яркае ўбранне малочнага завода – сучаснае і стыльнае. Сярод аб’ектаў вытворчай сферы гэта прадпрыемства, як заўсёды, лепшае. Другое месца падзялілі паміж сабой ПМС і “Трансэлектракамплект”. Адміністрацыйны будынак Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння прывабна свеціцца блакітнымі агеньчыкамі, антуражу дабаўляе і прыбраная туя. У газавікоў трэцяе месца, якое яны дзеляць з ПМК-13.
Яркі хіт-парад сярод арганізацый сацыяльнай сферы ўзначаліла дзіцячая школа мастацтваў. Другое месца ў СШ №2 і №1. Замкнулі тройку пераможцаў цэнтральная раённая бальніца і гарадскі Дом культуры.
У намінацыі “арганізацыі гандлю і паслуг” лідарам стала райпо. Расквеціўся і магазін “Усходні” – другое месца. Бронзавым прызёрам намінацыі стала гасцініца “Эдэльвейс” ЖКГ. Хочацца нагадаць, што пры размеркаванні месцаў улічваліся новыя ідэі і тэмы ў афармленні. Некаторыя ж канкурсанты не першы год прапануюць гараджанам хоць і прыгожы, але адзін і той жа дызайн.
А вось у СШ №2 могуць пахваліцца крэатыўнымі навагоднімі кампазіцыямі, конкурс якіх праходзіў перад канікуламі. Са спадручных матэрыялаў на свет нарадзіліся ёлкі, снегавікі і іншая прыгажосць.
Хацелася б, каб такія добрыя задумкі распаўсюджваліся і станавіліся добрай традыцыяй. Ствараць святочны настрой усім навокал – так цудоўна!
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Хороший конкурс. Всегда с интересом жду этого праздника огней и света. Только как-то не слишком фантанируют идеями организации и предприятия. Каждый год почти одно и тоже. А хочется чего-то особенного