У зімовым рэжыме /фота/
Умее здзівіць надвор’е! Толькі парадаваліся, што нарэшце прыйшла сапраўдная зіма са снегам і маразамі, як яе “падкарэкціраваў” цыклон “Даніэла”, які прынёс мокры снег, часам з дажджом, завіруху і галалёдзіцу. На 12 студзеня ў Беларусі аб’явілі штармавое папярэджанне і аранжавы ўзровень небяспекі. Наступствы цыклону адчулі на сабе ўсе, хто гэтымі днямі выйшаў на вуліцы, але найбольш, канешне, спецыяльныя службы – дарожнікі, камунальнікі, энергетыкі.
Хоць надвор’е непрадказальнае, але сітуацыя трымаецца пад кантролем, адзначыў начальнік ДРБУ-200 Ігар Пілінога. Па стане на раніцу аўторка на ўборцы снежнай ”кашы” былі задзейнічаны 4 МАЗы, 4 трактары і дзве брыгады работнікаў. Наводзілі парадак на дарогах, у тым ліку ў сельскай мясцовасці, аўтобусных прыпынках, падсыпалі пясчана-салянай сумессю асфальтава-бетоннае пакрыццё. Як падкрэсліў кіраўнік дарожнай службы, у любы момант пры неабходнасці гатова ўключыцца ў работу “цяжкая артылерыя”: грэйдары, пагрузчыкі і іншая тэхніка.
Капрызы прыроды прыбавілі работы і камунальнікам. Яны шчыравалі на ачыстцы тратуараў і вуліц райцэнтра з ночы панядзелка: было задзейнічана 8 адзінак тэхнікі, дворнікі пасыпалі соллю дарожкі. А палове пятай гадзіны раніцы аўторка спецтэхніка зноў выйшла на вуліцы: адкідвала снег ад бардзюраў, працягвала ачышчаць дарогі, развозіла сумесь. Па словах намесніка дырэктара камунгаса Вячаслава Кучэйкі, каб антыгалалёдны сродак пачаў дзейнічаць больш эфектыўна, вырашана дабавіць на тратуары яшчэ і пескасумесь.
Калі гэты нумар “ЛВ” падпісваўся да друку, снегапад быў у разгары…
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.