А карані застаюцца

Нехта з былых жыхароў Хацяжа расказваў пра свята вёскі, якое арганізавалі выхадцы з гэтых мясцін, дзівіўся, што людзі, якія дзесяцігоддзі не былі на сваёй малой радзіме, ад чыіх селішчаў не засталося і знаку, беспамылкова вызначалі месцы, дзе калісьці стаялі дамы, гаспадарчыя пабудовы, дзе была пракладзена сцяжынка ў сад, а дзе паскрыпваў над калодзежам “журавель”…

На жаль, сённяшняя вёска старэе. Едзеш па некаторых вуліцах, углядаешся ў вокны прыціхлых дамоў: і гэты пустуе, і той не жылы, а суседні нібы ўрос у зямлю, здаецца, вось-вось зусім разваліцца. Добра, калі на лета ажыве пакінутая сядзіба: нехта трымае бацькоўскі дом за дачу, нехта прыязджае дамоў на час водпуску, здараецца, дзеці вяртаюцца пад бацькоўскі дах на пастаяннае месца жыхарства. Як правіла, такія сядзібы трымаюцца ў парадку: абкошаныя сцежкі-дарожкі, адрамантаваныя агароджы, пафарбаваныя аканіцы, у дварах – кветнікі, розныя вырабы са спадручных матэрыялаў, альтанкі – адчуваецца жыццё.

Разам з тым, многія дамы, пабудовы старэюць, развальваюцца без гаспадарскіх рук. Іх уласнікі, калі такія ёсць, то не маюць сіл і сродкаў дагледзець сядзібу, то не лічаць патрэбным гэта рабіць, то пражываюць далёка ад малой радзімы. Гэтыя струхлелыя пабудовы, зарослыя бур’яном і хмызняком, маюць неэстэтычны выгляд, становяцца рассаднікам пустазелля, уяўляюць пажарную небяспеку, да таго ж – займаюць зямельныя ўгоддзі, якія ўпаўне маглі б працаваць на ўраджай.

Над вырашэннем гэтай праблемы працуюць сельвыканкамы і сельгаспрадпрыемствы раёна: летась абследавана 904 дамы, у якіх ніхто пастаянна не пражывае. Каб вырашыць далейшы лёс пакінутага жытла, адшукваюцца ўласнікі сядзібаў. Адны згаджаюцца на знос састарэлай пабудовы, іншыя спрабуюць “рэанімаваць” сядзібу: сельвыканкамы раёна атрымалі 487 паведамленняў ад гаспадароў пустуючых старых дамоў пра тое, што яны маюць намер выкарыстоўваць іх ці прадаць. Дарэчы, жадаючых купіць сядзібы нямала, асабліва ў населеных пунктах ля рэчкі ці сярод лесу. У мінулым годзе, напрыклад, папулярнасцю карысталіся дамы, выстаўленыя на продаж у вёсках Стараселле, Хацяж. У трох дамах там ужо новыя гаспадары, якія сталі прыводзіць сядзібы ў парадак.

Больш праблем з безгаспадарнымі селішчамі. Калі пошукі іх уласнікаў безвыніковыя, то пасля адпаведных працэдур згодна заканадаўства сельвыканкам самастойна прымае рашэнне наконт далейшых дзеянняў. Сёлета сельвыканкамы раёна прынялі рашэнне пра спыненне права грамадзян на 41 зямельны ўчастак, дзе размяшчаліся пустуючыя дамы, 71 струхнелы дом знесены. У Ганчароўскім сельсавеце разабрана і захавана 25 падмуркаў былых дамоў, каля 8 гектараў угоддзяў, расчышчаных ад зараснікаў, перададзена ў землекарыстанне.

Вынікова наладзілі пошук уласнікаў кінутых сядзібаў у Альхоўскім сельвыканкаме.

– Мы дзейнічаем строга ў межах заканадаўства, – гаворыць старшыня сельвыканкама Вячаслаў Кулак. – Планавалі, што сёлета прымем канкрэтныя рашэнні адносна 15 пустуючых дамоў. Але яшчэ 5 уладальнікаў струхлелых пабудоў напісалі заявы ў сельвыканкам аб адчужэнні права ўласнасці на гэту сваю маёмасць. Усе гэтыя паўразваленыя старыя пабудовы знесены, расчышчаны ўгоддзі, часткова праведзена рэкультывацыя зямель. Сёлета мы перадалі ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” пакуль 0,8 гектара зямель, прыгодных для ўвядзення ў севазварот, на наступны год плануецца значна больш.

Пад кантролем гэтае пытанне ў Жарабковіцкага сельвыканкама і праўлення СВК “Жарабковічы”. Усе пустуючыя дамы тут на ўліку, праводзіцца работа з уласнікамі. Адзін са спосабаў навядзення парадку – выкуп нежылых дамоў за кошт гаспадаркі. Многія такія будынкі рэканструююцца, рамантуюцца і выкарыстоўваюцца як жыллё для сваіх работнікаў. Непрыгодныя для пражывання – зносяцца, дэмантуюцца падмуркі, рэкультывуюцца зямельныя ўчасткі і перадаюцца гаспадарцы для сельгасработ. За мінулы год сельгасугоддзі СВК “Жарабковічы” прыраслі амаль на 7 гектараў, вызваленых за кошт ліквідацыі струхнелых пабудоў. Аднак, як зазначае начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Святлана Махнач, на тэрыторыі сельсавета выяўлены ўчасткі зямлі, якія патрабуюць уключэння ў гаспадарчы севазварот. Напрыклад, у Шавялях – 10 гектараў, у Падлессі – 0,4 гектара, каля гектара ў Патапавічах і каля 6 гектараў пустак – у Зубелевічах. Па даных землеўпарадкавальнай службы, ёсць запушчаныя зямельныя ўчасткі ў Востраўскім, Навасёлкаўскім, Крывошынскім сельсаветах. Праўда, летась ЗАТ “Белпрампрыбор” правёў пэўныя работы і ўключыў у севазварот 3,3 гектара былых няўдобіц.

Наогул, у кожным сельсавеце маюцца ўчасткі зямлі, якія патрабуюць рэкультывацыі, апрацоўкі, да іх адносяцца і “соткі” ля пустуючых сядзібаў, якіх таксама, на жаль, штогод прыбаўляецца. Увесці такія землі ў сельскагаспадарчы абарот – значыць не толькі атрымаць дадатковыя плошчы для сельгасработ, а і ўнесці ўклад у культуру земляробства, якая стала сёння неад’емнай часткай гаспадарання на зямлі.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “А карані застаюцца

  • 14/01/2016 в 12:05
    Permalink

    Грустно наблюдать, как становятся ненужными дома, где когда-то кипела жизнь Зарастают и становятся опасными летом. Если кто-нибудь бросит спичку или сигарету — может выгореть вся деревня.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *