Веснавая затраўка

Калі паедзеце неадкладна, магчыма, паспееце яшчэ застаць сеялкі ў полі», — прыкладна такі каментарый пачулі мы ад старшыні СВК «Шлях новы» Аляксандра Вашчука на пытанне, ці пачаліся ўжо ў гаспадарцы веснавыя палявыя работы. А калі так, то што іменна і на якім з палеткаў? Размова здарылася мінулым панядзелкам, было крыху за 8 гадзін раніцы.
Мы паспелі, дзякуючы яшчэ і таму, што шлях быў зусім блізкі: работа вялася на полі, якое часткова «ўкліньваецца» ў гарадскую ваколіцу. Паглядзелі, пагутарылі з механізатарамі. Аляксей Кумейша, Леанід Коршун, Анатолій Сяргей, як высветлілася, ці не з 5 гадзін раніцы ў полі. Вядуць сяўбу шматгадовых бабовых траў — канюшыны чырвонай, калі дакладна — па палетку азімага жыта. Спраўна, спрытна, дастаткова хутка ў іх атрымліваецца. Да таго ж, сінхронны з невялікім адставаннем аднаго ад другога рух трох сеючых агрэгатаў выглядае досыць прывабна, зачароўвае нават.
Чаму работа так рана пачынаецца і гэтак жа рана — гадзін каля 10 у найлепшым выпадку — заканчваецца? Справа ўся ў тым, што сейбіты вымушаны «прыслухоўвацца» да надвор’я. Мінусовыя начныя тэмпературы добра «схопліваюць» верхні слой. І, такім чынам, у самыя першыя ранішнія гадзіны глеба здольна яшчэ «трымаць» тэхніку. Без пашкоджання ці з мінімальнымі пашкоджаннямі азімых. Далей — горш: з кожным дадатковым праменьчыкам сакавіцкага сонейка глеба пачынае «плыць», а вынікам праходжання па ёй тэхнікі становяцца глыбокія каляіны. Такія пашкоджанні азімых пасеваў гаспадарнікі, канешне ж, дапусціць не могуць. Таму і ранні графік. Зрэшты, ніякай у тым унікальнасці. Наадварот, з хуткім ужо надыходам паўнацэннай, скажам так, веснавой кампаніі падобны графік для вяскоўцаў стане правілам, і калі нешта зменіцца, то ў бок яшчэ большай напружанасці. Вясна дыктуе.
Між тым, СВК «Шлях новы» падсеяў ужо значна больш як 2 сотні гектараў шматгадовых траў. Гэта многа больш любой з іншых гаспадарак раёна.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *