Бусел прызямліўся ў райцэнтры
Стварэнне сям’і, нараджэнне дзяцей – яркія і радасныя падзеі. 173 пары ў 2015 годзе абмяняліся заручальнымі пярсцёнкамі ў аддзеле загса і сельвыканкамах раёна. Гэта на 7 больш, чым у 2014 годзе. Сярэдні ўзрост нявест 27 гадоў, жаніхоў – 30. А 11 нашых землякоў знайшлі сваё сямейнае шчасце на сёмым дзясятку – каханню ўсе ўзросты падуладныя.
Летась бусел прылятаў на Ляхавіччыну 267 разоў – менавіта столькі пасведчанняў аб нараджэнні выдадзена бацькам нашых маленькіх землякоў. А гэта на 27 больш, чым у пазамінулым годзе.
Аптымістычныя лічбы пацвярджаюць, у тым ліку, і ўпэўненасць нашых землякоў у заўтрашнім дні. Дзяржава аказвае сем’ям сур’ёзную матэрыяльную дапамогу пры нараджэнні і выхаванні дзяцей. Асаблівая ўвага – мнагадзетным сем’ям. Пры нараджэнні трэцяга і наступных дзяцей яны маюць права на назначэнне сямейнага капіталу, важкую падтрымку ў вырашэнні жыллёвага пытання і г.д.
Такі клопат дзяржавы прыносіць свой плён. У 40 сем’ях у раёне ў 2015-ым на свет з’явілася трэцяе дзіця, у 15 – чацвёртае, а ў 6 сем’ях – пятае. Першынцы нарадзіліся ў 100 сем’ях. Перавага на Ляхавіччыне летась засталася за прыгожай паловай чалавецтва. Сярод нованароджаных 141 дзяўчынка – на 15 больш, чым хлопчыкаў. Дарэчы, такая “прыго-жая” няроўнасць у раёне адзначаецца ўпершыню за апошняе дзесяцігоддзе, расказала начальнік аддзела загса райвыканкама Людміла Палтарак.
А вось сёлета чараду шчаслівых падзей адкрылі хлопчыкі – немаўляты Кірыл і Арцём. На пяты дзень 2016 года ў аддзеле загса былі складзены запісы акта аб нараджэнні № 1 і № 2.
Як адзначыла начальнік аддзела загса, сярэдні ўзрост матуль – 26 гадоў, татаў – 29. Але і пасля 45 гадоў бацькоўства не закрытая тэма.
Самыя распаўсюджаныя імёны дзяўчынак у нашым раёне летась – Соф’я і Сафія, Вікторыя, Аляксандра і Паліна. Адзінкавыя – Агата, Алёна, Бэла, Эміліяна, Ліяна, Злата, Аліса і іншыя. У хлопчыкаў у лідарах Максімы, Аляксандры, Мацвеі, Арцёмы і Міхаілы. Сярод рэдкіх імёнаў – Архіп, Сцяпан, Міраслаў, Даніэль, Антон.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Девочки вырываются вперёд! Замечательно. Маленькие цветочки будут расцветать и украшать собой Ляховиччину. Население увеличивается — хороший знак