Яго гады – яго багацце

Кожны з нас хоць аднойчы замаруджваў свой жыццёвы “бег з перашкодамі”, каб азірнуцца на пройдзены шлях, самому сабе адказаць на пытанне, які след застаецца за плячыма.

Раман Русакевіч любіць пагаварыць пра мінулае, бо яно звязана з прыгожымі, добрымі ўспамінамі як з працоўнай біяграфіі, так і з асабістага жыцця. Гэты чалавек вельмі паважаны ў раёне, пра яго помняць не толькі ў спажыўтаварыстве, дзе ён шмат гадоў працаваў. Напрыканцы 2014 года, калі Брэсцкая вобласць святкавала 75-годдзе з дня ўтварэння, Раман Іванавіч быў удастоены граматы аблспажыўсаюза, на ўрачыстасці з нагоды юбілея раёна яго таксама запрасілі як ганаровага госця. І не выпадкова: Раман Русакевіч сваім жыццём напісаў цэлую старонку гісторыі Ляхавіччыны. Ён адзіны ў раёне, каму прысвоена ганаровае званне Заслужаны работнік сферы абслугоўвання Рэспублікі Беларусь.

У свой час Раман Іванавіч быў сярод лепшых у прафесіі, выдатна арыентаваўся ў прынцыпах паспяховай работы складанай сістэмы спажыўкааперацыі. А ўсё таму, што колькі працаваў, столькі і вучыўся: спасцігаў, пераконваўся, памыляўся, выпраўляў памылкі, удасканальваў напрацоўкі.

Пачынаў прадаўцом у вёсцы Тухавічы, куды накіравалі пасля заканчэння гандлёвай школы. Неўзабаве прапанавалі загадваць магазінам у райцэнтры, пасля была Маладзечанская школа рэвізораў і адпаведная работа. За 5 гадоў, што ён узначальваў Ляхавіцкае сельпо, 36 мясцовых магазінаў лічыліся лепшымі гандлёвымі кропкамі, а 13 сталовых – узорнымі прадпрыемствамі грамадскага харчавання. Кар’ерная лесвіца для маладога спецыяліста была адкрыта: дырэктар аптовай базы, першы намеснік старшыні праўлення райпо, дырэктар аптгандлю і старшыня райспажыўсаюза. За гэты ж час Раман Русакевіч паспеў закончыць планава-эканамічны факультэт інстытута народнай гаспадаркі, пасля яшчэ крэдытна-фінансавы факультэт гэтай жа ўстановы і школу кіраўнікоў народнай гаспадаркі. І самае галоўнае – стварыў сям’ю: жонка Ніна Іванаўна працавала таваразнаўцам. Радасць прыносіла работа, дом поўніўся шчасцем. Нарадзіўся першынец – сын, потым дачушка…

Хутка бяжыць час. Выраслі дзеці: Ігар – кандыдат эканамічных навук, Іна – урач. А працяг – 2 унукі (малодшы носіць імя дзядулі), унучка – таксама ўжо студэнты. І ў будні, і ў святы чакае Раман Іванавіч прыезду самых дарагіх гасцей. Дзеці і ўнукі сталі галоўнай радасцю ў жыцці, а яшчэ – успаміны, якія пераносяць іншы раз у светлыя дні маладосці. Чамусьці асабліва хочацца думаць пра мінулае ў чарговы дзень нараджэння: хоць і не любіць ён лічыць гады, усё роўна прызнае, што гэта яго багацце.

– Гледзячы на дзяцей і ўнукаў, радуюся: сучасная моладзь – лепшая за нас, – прызнаецца Раман Іванавіч. – Перад ёй больш перспектыў, магчымасцей, небывалы крок наперад зрабілі навука і тэхніка, нават малыя валодаюць навыкамі, пра якія мы некалі і не марылі. Але ж і мы калісьці былі маладыя…

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *