Дараўскія турысты – мацнейшыя
Канікулы — час актыўнага і рознапланавага адпачынку для школьнікаў. І кожны раз дарослыя робяць усё магчымае, каб быў ён для рабят цікавым, насычаным і незабыўным. Напрыканцы сакавіка на базе Дараўскага дзіцячага сада-сярэдняй агульнаадукацыйнай школы праводзіліся міжраённыя спаборніцтвы па тэхніцы горна-пешаходнага турызму, прымеркаваныя да 25-й гадавіны чарнобыльскай трагедыі. Ініцыятарамі правядзення турыстычных спаборніцтваў сталі аддзелы адукацыі, па справах моладзі, фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама.
Для школьнікаў удзел у спаборніцтвах — справа ганаровая, бо былі запрошаны самыя моцныя турыстычныя дружыны з Ляхавіцкага і суседніх Баранавіцкага і Ганцавіцкага раёнаў. Больш за 70 юных спартсменаў, якія змагаліся за перамогу, прадэманстравалі добрую фізічную падрыхтоўку, эрудыцыю, кемлівасць, уменне своечасова прыняць правільнае рашэнне.
У першы дзень вызначалі лепшых у асабістым заліку. Свой шанц стаць мацнейшымі на кароткай дыстанцыі не ўпусцілі Надзея Знавец і Ягор Кендыш з Дараўскага ДС-САШ. Камандная тэхніка паказала тактычную падрыхтоўку ўдзельнікаў. Лепш за іншых аказалася падрыхтаванай турыстычная дружына Дараўскага ДС-САШ (трэнер Валерый Кендыш), на другім і трэцім месцах адпаведна турысты з Крывошынскай САШ (трэнер Ігар Вітко) і Ганцавіцкага раёна.
Пераможцы і прызёры ўзнагароджаны каштоўнымі падарункамі і граматамі.
Ларыса ДЗЯРЭЧЫК, метадыст раённага цэнтра турызму і краязнаўства.