Сцэна для новых імёнаў. У Ляхавічах прайшоў раённы этап рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі” /фота/
Колькі яркіх, таленавітых і творчых людзей жыве на Ляхавіччыне! Гэта чарговы раз пацвердзіў і рэспубліканскі прафсаюзны конкурс творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі”. Напрыканцы мінулага тыдня раённы этап вызначыў пераможцаў. У намінацыі “сцэнічная творчасць” імі сталі вакальны ансамбль “ВІНС-акорд”, Андрэй Саванчук з Востраўскага СДК і калектыў Дараўскага СДК “Берагіня”.
22 студзеня ў гарадскім Доме культуры было святочна і шматлюдна. Тут праходзіў раённы этап рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі”. На сцэне свае вакальныя і акцёрскія здольнасці паказалі прадстаўнікі прафсаюзных пярвічак Ляхавіччыны.
У намінацыі “сцэнічная творчасць” было заяўлена 16 удзельнікаў – салістаў і груп. Гэта і самадзейныя артысты, добра вядомыя ў раёне, і тыя, пра чые здольнасці і захапленні пакуль ведалі толькі родныя і сябры. Адных і другіх зала прымала дружнымі апладысментамі, шчыра падтрымлівалі іх і калегі.
Выступленні канкурсантаў, што сталі для гледачоў відовішчным канцэртам, журы паставілі ў складанае становішча: неабходна было выбраць лепшых, тых, хто будзе прадстаўляць раён у вобласці. Ацэньвалася пастаноўка нумара, выканальніцкае майстэрства, віталася мнагажанравасць. У выніку сталі пераможцамі “песеннай” намінацыі і прайшлі ў абласны этап калектыў Дараўскага сельскага Дома культуры “Берагіня”, вакальны ансамбль “ВІНС-акорд”, і Андрэй Саванчук з Востраўскага СДК. Дыпломы ім уручыла намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень.
У намінацыі “выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” ўдзельнічалі 22 нашы землякі. Кожны з іх прадставіў на конкурс не менш за 5 работ – арыгінальных, непаўторных, выкананых у рознай тэхніцы. Журы ўлічвала не толькі аб’ём работы, укладзенай у кожны выраб, але і карпатлівасць выкананай працы. Дыпломы пераможцаў раённага конкурсу атрымалі члены прафсаюзнай пярвічкі цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Марына Баргамон, Святлана Дубіна і Таццяна Нагорная.
Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Святлана Курэц уручыла прафсаюзным пярвічкам, якія прынялі актыўны ўдзел у раённым этапе рэспубліканскага конкурсу, дыпломы арганізацыі, а кожнаму ўдзельніку – імянныя сертыфікаты.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Хорошо пели! Настоящий праздник от профсоюза. Ещё бы больше зрителей, было бы вообще замечательно.
А што зрители не идут….?