Пытанні паштовыя
Сярод пытанняў, што паступаюць у “ЛВ”, здараюцца і паштовыя. Пытанні дастаўкі перыядычных выданняў хоць і не адносяцца да кампетэнцыі раёнкі, але асабліва блізкія для газеты. У снежні мінулага года на наш сайт напісаў адзін з яго наведвальнікаў: маўляў, пры дастаўцы “ЛВ” баранавіцкім падпісчыкам узнікаюць праблемы. З падобным сутыкнулася і жыхарка вёскі Ганчары Тамара Гарасюк, якая звярнулася на гарачую лінію “ЛВ”.
Сітуацыю пракаментавала начальнік раённага вузла паштовай сувязі Вольга Арэхва. Яна патлумачыла, што з красавіка 2015 года сартаванне газет і часопісаў для аддзяленняў сувязі Ляхавіцкага і Баранавіцкага раёнаў праводзіцца на ўчастку апрацоўкі і сартавання пошты Баранавіцкага РУПС, а ў функцыі Ляхавіцкага РУПС уваходзіць накіраванне 1-га чысла кожнага месяца на гэты ўчастак кантрольна-сартавальнай табліцы (у электронным выглядзе на падставе аформленых заказаў).
Па інфармацыі начальніка РУПС, спазненне ў дастаўцы баранавічанам ляхавіцкай раёнкі, пра якое ішла размова, было звязана са збоем праграмнага забеспячэння. Цяпер газета дастаўляецца без парушэння тэрмінаў.
Вольга Арэхва нагадала: “Усе газеты сартуюцца і адпраўляюцца ў даставачнае аддзяленне паштовай сувязі ў дзень іх паступлення на сартавальны пункт. Часопісы сартуюцца на працягу дня, накіроўваюцца ў даставачнае аддзяленне на наступны дзень. Такі ж прынцып работы і ў аддзяленнях паштовай сувязі”.
На самай справе пасля звароту на сайт газеты парушэння тэрмінаў дастаўкі ЛВ у Баранавічы не было. Дзякуй.
Рады дапамагчы. Звяртайцеся