Пра шчасце і ўзмах крыла…

Як цяжка зрабіць яго, каб узняцца над сваёй нерашучасцю, змяніць прывычны ўсталяваны лад думак, жаданняў…
Я бяру на сябе смеласць гаварыць такое ад многіх людзей – маладых і сталых, не беручы ў разлік малых і старых, якім, у большасці, самім патрэбна дапамога ў акрэсліванні жаданняў. Гэты ўзмах крыла ім трэба рабіць пад кіраўніцтвам добрага чалавека, які пазнаў жыццё.
Пра Ніну Мацяш, яе верш “Узмах крыла” разважаю, прачытаўшы водгук на яго сваёй вучаніцы.
Ніна Мацяш… Светлы чалавек, такі ж светлы і яе талент. Я запомніла яе добры, ўсёразумеючы позірк, калі яна была ў нашай гімназіі, сустракалася з настаўнікамі і вучнямі ў літаратурнай гасцёўні. “Вы шчаслівая, Ніна?”– спытала я ў яе. “Я вельмі шчаслівая!”
Цяжка паверыць, што фізічна абмежаваны чалавек сам для сябе можа стварыць шчасце, не чакаючы нічога ад іншых. Ніна не магла сама сябе абслужыць, але не мела патрэбы ў “сядзелцы”, бо ў яе былі сапраўдныя сябры, суседзі, родныя і проста людзі, не толькі ў яе родным Белаазёрску, а і ў іншых мясцінах, дзе яе насілі на руках – і ў прамым, і ў пераносным сэнсе. Яна ўсяляла сваёй прысутнасцю жаданне падняць галаву, выпрастаць плечы і… ўсміхнуцца, паверыць, што ўсё можна, калі гэта трэба, змяніць да лепшага. Вялікая аптымістка, яна навучыла мяне трымацца і не плакаць, не наракаць на свой лёс, а самой падтрымліваць слабых духам.
На жаль, Ніны Мацяш ужо няма на гэтым свеце. Але засталіся яе ўрокі жыцця ў вершах, якія адкрываюцца тым, хто неабыякавы да паэзіі і хоча знайсці адказ на пытанне: як жыць сярод людзей? Такая і мая вучаніца, што разважала пра “ўзмах крыла”, – выдатніца, летуценніца і проста чалавек, які цягнецца да спасціжэння прыгожага ў жыцці.
Тамара ШАСТАКОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *