У прыярытэце – бяспека і парадак

На папярэджванне спрацавалі ў нашым раёне, калі яшчэ ў кастрычніку-лістападзе мінулага года падчас пажарна-прафілактычнай рэспубліканскай акцыі “За бяспеку разам!” пачалі праверку тэхнічнага стану дамавых вентыляцыйных каналаў па ініцыятыве РАНС і па заказе ўласнікаў жылля. Праверкі праводзіў Баранавіцкі камбінат супрацьпажарных работ. Пры выяўленні парушэнняў даваліся прадпісанні па іх ухіленні. Работы прадоўжыліся і сёлета. Па стане на 8 лютага праверана 67 працэнтаў жыллёвага фонду, які знаходзіцца на балансе КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”, і 38 працэнтаў – ЖБСК. У хуткім часе работы плануецца завяршыць.

Як адзначыў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч, неабходна працаваць на прадухіленне надзвычайнай сітуацыі. Датычыцца гэта і падпальвання сухой расліннасці. З-за анамальна цёплага для гэтай пары года надвор’я першы выпадак ужо зарэгістраваны на мінулым тыдні ў Тухавічах, пра што паведаміў начальнік РАНС Валерый Равінскі на чарговай апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама. Дадзена даручэнне РАНС, сельвыканкамам, іншым зацікаўленым службам пашырыць прафілактычную супрацьпажарную работу сярод насельніцтва, у тым ліку і праз дваровыя абходы ў аграгарадках і вёсках, правядзенне сельскіх сходаў.

На нарадзе былі падведзены вынікі работы сельвыканкамаў па выкананні планаў па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні населеных пунктаў за 2015 год. Начальнік землеўпарадкавальнай службы Святлана Махнач, аналізуючы зробленае ў гэтым накірунку, адзначыла, што, па-ранейшаму, нягледзячы на значную праведзеную работу і нядрэнныя вынікі, маюць месца факты безгаспадарчасці. Як заўважыў кіраўнік раёна, гэта датычыцца не толькі і не столькі добраўпарадкавання, якое пат-рабуе значнага фінансавання з бюджэту ці выкарыстання сродкаў самаабкладання, а часцей навядзення элементарнага парадку (напрыклад, прыбірання смецця каля дамоў ці на грамадскіх тэрыторыях). Толькі ў планах Конькаўскага, Жарабковіцкага і Навасёлкаўскага сельвыканкамаў былі ўказаны канкрэтныя работы па рэкультывацыі невыкарыстоўваемых земляў і ўключэнні іх у севазварот сельгаспрадпрыемстваў.

Начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір Пятроўскі назваў прадукцыйнай работу створаных міжведамасных груп, якія вызначалі аб’ёмы работ па добраўпарадкаванні і кантралявалі ход іх выканання. Кіраўнік прыродаахоўнай службы нагадаў і пра недапрацоўкі. Напрыклад, не знесены ўсе пустуючыя і непрыгодныя для эксплуатацыі будынкі. Не ўладкавана цвёрдае пакрыццё кантэйнерных пляцовак для збору смецця, у тым ліку і на вясковых могілках. Работы плануецца прадоўжыць сёлета і завяршыць іх па даручэнні старшыні райвыканкама да 1 верасня.

Увогуле, выяўлена 196 парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства, санітарных нормаў і правілаў добраўпарадкавання сельскіх населеных пунктаў, выдадзена 179 прадпісанняў па іх ухіленні, складзены 81 адміністрацыйны пратакол. Па меркаванні Уладзіміра Пятроўскага, больш якаснаму вырашэнню пытанняў добраўпарадкавання і захавання правілаў супрацьпажарнай бяспекі паспрыяюць пераўтварэнне гаражных масіваў у гаражныя кааператывы (пакуль апошніх у раёне толькі 4), выбары кіраўніцтва ў садаводчых таварыствах (павінен быць законна абраны прадстаўнік ад дачнікаў, які будзе, у тым ліку, заключаць дагаворы на вываз смецця, сачыць за парадкам у таварыстве), актывізацыя работы па зносе пустуючых дамоў (менавіта тут збіраюцца асацыяльныя асобы, якія часцяком і правакуюць пажары, тут арганізуюцца стыхійныя сметнікі), рэкультывацыя кар’ераў.

Вячаслаў Сельмановіч нагадаў, што трэба канчаткова пераходзіць да цывілізаванага паасобнага збору другасных адходаў, для чаго неабходна больш вынікова праводзіць растлумачальную работу сярод насельніцтва.

Галіна КАНЬКО.

One thought on “У прыярытэце – бяспека і парадак

  • 11/02/2016 в 12:53
    Permalink

    Як жа раней заўзята шчыравала насельніцтва на ўборцы прыдваровых тэрыторый! Выходзілі ўсім домам ад малку да вялікага. А зараз усё нехта камусьці павінен. Перад сваімі вокнамі самі прыбраць не могуць — чакаюць дворнікаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *