Па прынцыпу аператыўнасці
Літаральна з моманту з’яўлення ў райвыканкаме службы “Адно акно”, якая працуе па заяўным прынцыпе, яна стала надзвычай запатрабаванай сярод жыхароў раёна. У першую чаргу, з-за істотнага спрашчэння і паскарэння афармлення дакументаў, вырашэння пытанняў, з якімі насельніцтва звяртаецца ў дзяржаўныя структуры. За гады існавання службы (створана яна ў верасні 2007 года) многія гараджане і вяскоўцы адчулі яе перавагі.
Заяўніку зручна, камфортна: прыходзіць у будынак Дома Саветаў (служба, дарэчы, размешчана на першым паверсе) і падае толькі мінімальны пакет неабходных для працэдуры дакументаў, устаноўленых заканадаўствам. Далей – за справу бяруцца спецыялісты “Аднаго акна”. Калі ёсць неабходнасць, накіроўваюць запыты ў дзяржаўныя органы і арганізацыі, прычым, не толькі Беларусі. Для ажыццяўлення кожнай працэдуры – для грама-дзян іх прадугледжана 43 – вызначаны свой тэрмін (максімальны да 30 дзён).
За мінулы год ад грамадзян прынята 454 заявы па 26 адміністрацыйных працэдурах. Службай накіравана 210 запытаў у раённыя і іншагароднія дзяржаўныя органы. Як расказала галоўны спецыяліст службы “Адно акно” Юлія Кунцэвіч, часцей за ўсё грамадзяне звяртаюцца для пастаноўкі на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, за выдачай дазволу на рэканструкцыю жылых ці нежылых памяшканняў, дазволу на правядзенне работ па вода- і газазабеспячэнні, водаадвядзенні, за атрыманнем дазвольнай дакументацыі на ўзвядзенне жылога дома і нежылых капітальных пабудоў, для прадастаўлення жылога памяшкання камерцыйнага выкарыстання дзяржаўнага жылога фонду. Таксама частай прычынай звароту становіцца жаданне зрабіць перапланіроўку ў кватэры, неабходнасць рэгістрацыі дагавора найму і г.д.
Рашэннем райвыканкама на службу ўскладзены абавязкі па ажыццяўленні 23 адміністрацыйных працэдур у адносінах юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў з прыёмам і зборам дакументаў для разгляду і прыняцця рашэнняў па іх. А працэдуру рэгістрацыі дагавораў найму жылога памяшкання прыватнага жыллёвага фонда спецыялісты “Аднаго акна” выконваюць самастойна. Усяго за мінулы год ад юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў прынята 116 заяў па 10 працэдурах.
Даволі часта пры звяртанні ў розныя інстанцыі неабходна запоўніць заяву, з правільнасцю афармлення якой у некаторых узнікаюць пэўныя праблемы. Але толькі не ў тых, хто звяртаецца ў “Адно акно”. Тут распрацаваны ўзоры і бланкі заяў, што дазваляе не траціць шмат часу, каб правільна сфармуляваць сутнасць свайго звароту.
На стэндзе каля службы “Адно акно” можна знайсці разнастайныя карысныя звесткі, у тым ліку і аб часе прыёму грамадзян і юрыдычных асоб, правядзення прамых ліній кіраўніцтвам райвыканкама і яго структурных падраздзяленняў, работы грамадскай прыёмнай, іншую інфармацыю.
Выканаўцы адміністрацыйных працэдур пасля прыняцця рашэння, перадаюць выпіскі ці даведкі ў “Адно акно” (за выключэннем тых дакументаў, што маюць права выдаваць толькі спецыялісты, якія выконваюць працэдуру).
У такім выпадку спецыяліст растлумачыць грамадзяніну, куды ён павінен звярнуцца за атрыманнем рашэння ці іншага падагульняючага дакумента.
Зручны і графік работы “Аднаго акна”: панядзелак, аўторак, чацвер і пятніца – з 8 да 17 гадзін (перапынак з 13 да 14 гадзін), а серада з 8 да 20 гадзін (без перапынку). У суботу і нядзелю ў службы выхадны. За даведкамі і інфармацыяй можна звярнуцца па тэлефонах 142, 2-49-59.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.