На варце Закона. Год 2015-ы

Пракуратурай Ляхавіцкага раёна ва ўзаемадзеянні з іншымі дзяржаўнымі органамі раёна ў 2015 годзе праводзіўся комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на ўмацаванне законнасці і правапарадку, нармалізацыю крымінагеннай сітуацыі, павышэнне ўзроўню прафілактычнай работы, абарону правоў і законных інтарэсаў насельніцтва, грамадства і дзяржавы.
Праведзеная работа дазволіла, нягледзячы на нязначны рост колькасці зарэгістраваных злачынстваў, захаваць адзін з самых нізкіх у вобласці ўзровень злачыннасці.

У той жа час, нягледзячы на прынятыя меры, адзначаецца павелічэнне такіх злачынстваў як крадзёж (рост з 62 да 77 – на 24,2 працэнта), прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў (з 3 да 5), фальшываманецтва (з 0 да 5).

Асаблівую трывогу выклікае той факт, што практычна кожнае трэцяе злачынства ўчынена раней судзімымі, а кожнае другое – у стане алкагольнага ап’янення. На тэрыторыі раёна ўчынена 2 забойствы, зарэгістравана  5 фактаў прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Пры гэтым 6 з 7 злачынстваў данай катэгорыі ўчынены нецвярозымі асобамі,  3 з 7 – на глебе сямейна-бытавых канфліктаў.

З мэтай стабілізацыі крымінагеннага становішча, ацэнкі эфектыўнасці работы пракуратура праводзіла праверкі ў шэрагу сельвыканкамаў, АУС Ляхавіцкага райвыканкама.  Праверкі паказалі, што ўзровень узаемадзеяння паміж суб’ектамі прафілактыкі не ў поўнай меры адказвае прад’яўленым патрабаванням. Не заўсёды ў адносінах асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, але не прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці, прымаюцца меры агульнай і індывідуальнай прафілактыкі ў выглядзе разгляду іх паводзін на пасяджэннях саветаў грамадскіх пунктаў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі сельсаветаў. Не выяўляюцца асобы, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі і ставяць сям’ю ў цяжкае матэрыяльнае становішча, для прыняцця ў далейшым да іх мер па абмежаванні ў дзеяздольнасці.

У 2015 годзе ў мэтах папярэджання фактаў кіравання транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення правапарушальнікам у пракуратуры аб’яўляліся афіцыйныя папярэджанні, растлумачвалася адказнасць, у тым ліку магчымасць канфіскацыі транспартнага сродку. Як вынік, за кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап’янення складзена  94 адміністрацыйныя пратаколы (у 2014 г. – 128), выяўлена  8 фактаў паўторнага кіравання транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення.

У мэтах папярэджання злачынстваў у сферы сямейна-бытавых адносін пракуратурай раёна пры адсутнасці заяў пацярпелага боку ўзбуджана ў мінулым годзе 5 крымінальных спраў, а таксама складзена   10 адміністрацыйных пратаколаў за нанясенне пабояў, фізічнае і псіхічнае насілле ў адносінах членаў сям’і.

У сувязі з выяўленымі парушэннямі пры выкананні заканадаўства аб прафілактыцы правапарушэнняў, пракуратурай раёна ў 2015 годзе ўнесена 6 прадстаўленняў кіраўнікам дзяржаўных органаў, вынесена  3 прадпісанні, 79 асобам аб’яўлена афіцыйнае папярэджанне аб недапушчальнасці парушэння закона, 4 асобы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Пракуратурай на пастаяннай аснове ў мэтах абароны інтарэсаў грамадзян, дзяржавы, прадпрыемстваў і арганізацый дзяржаўнай і недзяржаўнай формы ўласнасці ажыццяўляецца іскавая работа. У мінулым годзе пракуратура накіравала ў суд 36 іскавых заяў на агульную суму каля 2 мільярдаў рублёў. Некаторыя з заяў накіроўваліся ў суд у сувязі з паступленнем адпаведных хадайніцтваў ад кіраўнікоў прадпрыемстваў. У той жа час па-ранейшаму выяўляюцца факты наяўнасці пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці і непрыняцця мер па яе зніжэнні. Выяўлены факты заключэння дагавораў без перад-аплаты, што цягнула ўтварэнне запазычанасці, а ў далейшым складанасці з яе пагашэннем.

Адным з ключавых накірункаў пракурорскай дзейнасці працягвае заставацца нагляд за выкананнем заканадаўства. У 2015 годзе пракуратурай раёна праведзена 42 праверкі выканання заканадаўства дзяржаўнымі органамі, арганізацыямі, суб’ектамі гаспадарання, якія паказалі, што па-ранейшаму дапускаюцца парушэнні патрабаванняў працоўнага заканадаўства, заканадаўства, накіраванага на захаванасць уласнасці і г.д.

У ходзе правядзення ў другім паўгоддзі 2015 года праверкі ў СВК “Жарабковічы” выяўлены парушэнні патрабаванняў Дырэктыў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11.03.2004 № 1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”, ад 14.06.2007 № 3 “Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы”, заканадаўства аб захаванасці ўласнасці.

Так, у гаспадарцы не забяспечана сістэмная работа па выключэнні фактаў з’яўлення працаўнікоў на рабочых месцах у стане алкагольнага ап’янення. Пра гэта сведчыць тое, што практычна на кожным пасяджэнні праўлення разглядаюцца акты па падобных фактах. Работнікі прыцягваюцца да дысцыплінарнай адказнасці і пазбаўляюцца дап-лат і прэмій, але гэтага недас-таткова.

У Дырэктыве № 3 асобна падкрэсліваецца, што належны кантроль за беражлівым захаваннем і рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў, перш за ўсё, павінны ажыццяўляць кіраўнікі арганізацый. Праверка паказала, што патрабаванні Дырэктывы   № 3 у СВК выконваюцца не ў поўнай меры, з асоб, што прычынілі прадпрыемству шкоду, яна своечасова не спаганяецца.  Аналагічныя парушэнні характэрны і для іншых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.

Забеспячэнне выканальніцкай дысцыпліны з’яўляецца  першачарговым абавязкам любога кіраўніка. У той жа час, маюць месца факты, калі толькі па патрабаванні пракуратуры работнікі прадпрыемстваў, арганізацый прыцягваюцца да дысцыплінарнай і матэрыяльнай адказнасці.

У ходзе правядзення праверкі ў ДУБП “Ляхавіцкая ПМК-17” устаноўлены факты парушэння працоўнага заканадаўства, не выконваліся патрабаванні заканадаўства аб зваротах грамадзян. На прадпрыемстве не забяспечаны належны ўлік таварна-матэрыяльных каштоўнасцей, пра што сведчаць факты выяўлення недастач.

Аналагічныя парушэнні выяўлены і ў УБП “ПМК-13” ААТ “Пінсксаўгасбуд”. Падчас разгляду звароту, што паступіў у пракуратуру раёна з установы адукацыі, устаноўлены факт неабгрунтаванай адмовы ў прыёме на работу ў ПМК-13 маладога спецыяліста. Кіраўнік прадпрыемства прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па ч. 2 арт. 9.16 КаАП Рэспублікі Беларусь.

Пракуратурай раёна па выніках праведзеных у 2015 годзе праверак унесена 24 прадстаўленні аб ухіленні парушэнняў заканадаўства, прычын і ўмоў, якія ім садзейнічаюць; вынесена 20 прадпісанняў, прынесена 47 пратэстаў на акты, што супярэчаць дзеючаму заканадаўству. Афіцыйна папярэджана аб недапушчальнасці паўторнага парушэння заканадаўства 91 асоба. Па актах пракурора 30 чалавек прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, 56 – да дысцыплінарнай, да матэрыяльнай адказнасці прыцягнуты 24 фізічныя асобы на суму больш за 59 мільёнаў рублёў і 5 юрыдычных асоб на суму больш за  5 мільёнаў рублёў.

Усе парушэнні заканадаўства, выяўленыя пракуратурай, атрымалі аб’ектыўную ацэнку і знайшлі адлюстраванне ў актах пракурорскага рэагавання. Пра недахопы праінфармаваны раённы выканаўчы камітэт. У 2016 годзе пракуратура раёна працягне работу па абароне правоў і законных інтарэсаў грама-дзян, арганізацый, забеспячэнні законнасці і правапарадку.

Сяргей ДЗЯЖКО,

пракурор раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *