Спатканне з мінулым. Са сваімі аднакласнікамі сустракаліся выпускнікі школ Ляхавіцкага раёна /фота з СШ №2/
Прыгожая традыцыя: у кожнай школе краіны ў першую суботу лютага адбываецца заўжды чаканая і светлая сустрэча з дзяцінствам, юнацтвам, сябрамі, аднакласнікамі, паважанымі і любімымі настаўнікамі. З розных мясцін, з усіх канцоў краіны, з блізкага і нават далёкага замежжа спяшаюцца ў родныя школы былыя выпускнікі – людзі розных узростаў і прафесій, сацыяльнага статуса і поглядаў на жыццё, якія калісьці разам не толькі атрымлівалі веды па розных прадметах, але і вучыліся сябраваць, дапамагаць, адрозніваць добрае ад дрэннага.
І ў мінулую суботу ва ўсіх школах раёна да позняга часу не гасла святло ў калідорах, залах, класах. Шчырая радасць свяцілася ў вачах кожнага, хто пасля перапынку, іншы раз доўгага, пераступіў парог роднай школы. Прывітанні, кампліменты, абдымкі, пацалункі, моцны поціск рук, залівісты смех, пытанні і адказы на іх, і, канешне ж, успаміны: пра агульныя справы, нявывучаныя ўрокі, спісаныя кантрольныя, першае каханне і іншыя школьныя сакрэты. Самыя прыгожыя кветкі – дарагім і шаноўным настаўнікам, тым, хто не шкадаваў часу, увагі, сардэчнай цеплыні для сваіх няўрымслівых вучняў.
А далей дзейства працягвалася ў актавых залах, дзе разам сабраліся выпускнікі розных гадоў, сённяшнія школьнікі, педагогі і ветэраны педагагічнай працы. Разам ім было цікава!
А назаўтра сацыяльныя сеткі напоўніліся фотаздымкамі з вечароў сустрэч – такое не забываецца…
Дзякуй, школа, што ты была ў нашым жыцці. Дзякуй за тое, што кожны год у першую суботу лютага ты зноў і зноў дорыш нам магчымасць пабываць у краіне дзяцінства.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Не забывают выпускники учителей и школу. Так приятно вернуться в счастливое прошлое,стать на время девчонками и мальчишками. Спасибо, что есть школа!