З’яднаныя братэрствам баявым

Афганская старонка ёсць і ў лёсе ліпчан Віктара Дыдышкі і Міхаіла Дыдышкі.

80-ыя гады мінулага стагоддзя пакінулі свой гарачы аўтограф у жыцці многіх нашых суайчыннікаў. 27 гадоў прайшло, як апошні савецкі салдат пакінуў Афганістан, але трывожна адгукаецца ў сэрцы тых, хто выконваў інтэрнацыянальны абавязак, рэха вайны, няўмольна вяртае ў перажытыя падзеі.

Больш за 14 тысяч савецкіх воінаў загінулі на чужой зямлі, 6 тысяч памерлі пасля ад ран і хвароб, больш за 300 чалавек і да сёння лічацца прапаўшымі без вестак. Гэта былі самыя вялікія страты Савецкай Арміі з часоў Вялікай Айчыннай вайны.

У Афганістане з 1979 па 1989 гады праходзілі службу каля 30 тысяч беларусаў. Больш за 750 чалавек не вярнуліся дадому. За гэтымі лічбамі – трагічны лёс тысяч сем’яў.

Сёння ў нашым раёне пражывае 55 воінаў-інтэрнацыяналістаў – тых, хто прайшоў не толькі Афганістан, але і іншыя гарачыя кропкі. Сярод іх ліпчане Міхаіл Дыдышка і Віктар Дыдышка. Не родныя, але з’яднаныя баявым братэрствам: абодвум з розніцай у 2 гады давялося выконваць воінскі інтэрнацыянальны абавязак.

Міхаіла прызвалі ў армію 16 кастрычніка 1984 года – гэту дату ён не пераблытае ні з якой іншай. Як і многія, нават не ўяўляў, дзе яму давядзецца служыць. Сяржант, які суправаджаў групу навабранцаў, толькі ў Маскве прызнаўся, што накіроўваюцца яны ў Афганістан… “Так распарадзіўся лёс”, – разважае Міхаіл Дыдышка. Дужы, моцны юнак трапіў у элітныя паветрана-дэсантныя войскі. Але спачатку была “вучэбка” ў Фергане. Менавіта там навабранцы асвойвалі азы дэсантнай навукі. 6 студзеня 1985 года, напярэдадні Калядаў, Міхаіла з таварышамі адправілі ў Афганістан. Службу праходзілі ў Кабуле, Гардэзе. Умомант прыйшлося пасталець. Жыццё быццам падзялілася на “да” і “пасля”.

Пра той час Міхаіл Антонавіч не любіць успамінаць, размову заўсёды пераводзіць на іншыя тэмы – стараецца забыць. Але раненне, атрыманае на чужыне, пастаянна нагадвае. Усе 20 месяцаў, што знаходзіўся там, сагравалі думкі пра дом, дзе яго чакала вялікая сям’я: бацькі, браты і сястра. Яны, дарэчы, спачатку і не здагадваліся, дзе нясе службу іх Міша, былі ўпэўнены: у Саюзе. Даведаліся толькі праз некаторы час.

…Пясок. Горы. Гарачыня. Да горада не так блізка. У ім яны былі толькі адзін раз, калі іх запрасілі на свята ў мясцовы клуб. Прымалі салдат, як самых дарагіх гасцей, хаця самі афганцы жылі вельмі бедна. Іх дамы нечым нагадвалі бліндажы, толькі з гліны, уваходы занавешаны тканінай.

Паранены дэсантнік Дыдышка доўга лячыўся ў шпіталях: у Кабуле, у Ленінградзе. Дадому ляцеў, як на крылах, а на грудзях красаваўся ордэн Чырвонай Зоркі – за праяўленыя мужнасць і адвагу пры выкананні баявога задання.

Сёння Міхаіл Антонавіч паважаны ляснік Крывошынскага лясніцтва, некаторы час выконваў абавязкі майстра лесу. Яго добрасумленная праца адзначана рознымі ўзнагародамі, сярод якіх пачэснае месца займае нагрудны знак “10 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове”. “Працавіты, добрасумленны і адказны”, – адзываюцца пра Дыдышку калегі.

З жонкай Ірынай (таксама ліпчанкай) рука аб руку прайшлі амаль 3 дзесяцігоддзі, выгадавалі-выхавалі двух цудоўных сыноў – адзін працуе майстрам на будоўлі, другі выкладае ва ўніверсітэце. Не нарадуюцца бабуля і дзядуля ўнуку Максімку.

Праз некалькі дзён Міхаіл Дыдышка адзначыць прыгожы юбілей. Жыццё працягваецца. І, як гаворыць сам Міхаіл Антонавіч, усё ў гэтым жыцці можна пераадолець, галоўнае, каб побач былі дарагія і любімыя людзі.

Жыхар Ліпска Віктар Дыдышка быў сярод тых, хто апошнім пакідаў Афганістан.

…Восень 1986 года прынесла змешаныя пачуцці – радасць перамяжоўвалася з хваляваннем: стаў паўналетнім, самастойным, атрымаў павестку ў войска. 16 лістапада 1986 года на провады сабраліся родныя і суседзі, сябры і аднавяскоўцы. У Падольскай “вучэбцы” аказаўся разам з земляком – Юрыем Буйкевічам са Свяціцы, не разышліся шляхі і далей – у Афганістане, куды іх адправілі ў маі 1987 года. Хоць і ў розных батальёнах былі хлопцы, але адчуванне, што побач зямляк, сагравала душу ў цяжкія моманты.

Мы были там, за кромкой гор,

Где фронт без тыла и без флангов.

Где пулемётный разговор

Был откровением Саланга.

Вершаваныя радкі вельмі дакладна адлюстроўваюць асаблівасці і важнасць перавалу Саланг, дзе размяшчаўся дарожна-каменданцкі батальён радавога Віктара Дыдышкі. Саланг – гэта перавал у гарах Гіндукуша, які звязвае паўночную і цэнтральную частку краіны. Салдаты называлі гэтыя мясціны дарогай жыцця. Там было невыносна ад летняй гарачыні і зімовага холаду, пастаянна дзьмуў пранізлівы шквалісты вецер. На вялікім КРАЗе-255Б Дыдышка пераадолеў не адну тысячу кіламетраў, перавозячы стратэгічна важныя для батальёна грузы.

Днём і ноччу праз тунэль ішлі караваны машын. З гор па начах сюды паўзлі душманы. Абстрэлы, напады бандаў. Ці было страшна? Віктар Анатольевіч адказвае станоўча і дадае: “З часам прывыклі і да небяспекі, напружанне стала меншым”. Не прывыкнуць было да таго, што гінулі маладыя хлопцы, таварышы. Падарваўся ў танку прапаршчык Кірда, душманы забілі на трасе сяржанта Жорына, а колькі салдат засталіся інвалідамі… Жахі вайны дапамагалі пераадольваць армейскія братэрства і падтрымка. Лепш любых лекаў былі пісьмы ад родных. “Атрымаеш навіны з дому, уявіш, як хораша ў Ліпску, як прыгожа цвітуць там сады, як смачна гатуе мама, яе пяшчотныя мяккія рукі – адступала туга”, – з настальгіяй заўважае Віктар. Аднойчы родныя напісалі, што яго аднавясковец Міхаіл Супрыновіч таксама ваюе ў Афганістане. Аказалася, што Віктар неаднойчы праязджаў міма кішлака, дзе знаходзіўся пост земляка. Радасць сустрэчы не апісаць словамі!

Успамінае ён і суровыя афганскія зімы. Снегу было так многа, што магло засыпаць тунэль. Неаднойчы вызвалялі з сумётаў транспарт мясцовага насельніцтва, з якім склаліся добрыя адносіны.

У маі 1988 года пачаўся вывад савецкіх войскаў з Афганістана, а  15 лютага 1989 года гэту краіну пакінуў апошні савецкі салдат. Тады разам з баявымі таварышамі развітаўся з гарачай кропкай і радавы Віктар Дыдышка.

Дабраўся Дыдышка да Баранавічаў, а там на таксі – і ў Ліпск! Маці раніцай якраз шчыравала па гаспадарцы – а тут ён, як снег на галаву. Слёзы радасці… Бацькі паўгода нічога не ведалі пра сына, бо яшчэ з верасня пісьмы перасталі дастаўляць у батальён. Таму яго вяртанне было неспадзяваным і вялікім падарункам. Так і застаўся Віктар у Ліпску. Праз  2 гады ажаніўся з Ірынай. З’явіліся дачка і сын. Дарэчы, дачка ў Віктара цёзка бацькі – Вікторыя. Значыць, перамога. Усё склалася і атрымалася. Годна вытрымаў армейскі экзамен, ёсць сям’я, дзеці. Унучку назвалі ў гонар бабулі. Маленькая Марыйка – усеагульная любіміца.

2 дзесяцігоддзі Віктар – вадзіцель Ліпскага пажарнага аварыйна-выратавальнага паста. За баявыя заслугі ў яго медаль “За адзнаку ў воінскай службе”, за службу ў МНС мае нагрудны знак “15 гадоў органам і падраздзяленням, падначаленым МНС Рэспублікі Беларусь”, юбілейны медаль “160 гадоў пажарнай службе Беларусі”. Справу сваю Віктар ведае выдатна, калегі гавораць пра яго як добрасумленнага, жыццярадаснага і цудоўнага чалавека, гаспадара.

Такія вось яны – воіны-афганцы. Сапраўдныя ва ўсім. Яны ведаюць цану жыцця. Надзейныя і правераныя. 15 лютага яны па традыцыі збяруцца разам. Ім ёсць што ўспомніць, пра што пагаварыць… Але пра вайну апавядаюць яны неахвотна. Цвёрда ўпэўнены: мір – галоўная каштоўнасць.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *