Ацэнка з перспектывай. На раённым сходзе гаспадарчага актыву прааналізаваны вынікі работы народнагаспадарчага комплексу Ляхавіччыны ў 2015 годзе /фота/

Сярод лепшых старастаў населеных пунктаў – Валянціна Галота (в. Каранеўшчына), Таццяна Горбік (а/г Востраў), Людміла Сідорская (а/г Русінавічы), Зоя Біліновіч (в. Куршынавічы), Валянціна Дыдышка (в. Заліпенне).

На раённым сходзе гаспадарчага актыву, які адбыўся ў мінулы чацвер, усебакова і дэталёва былі прааналізаваны вынікі работы народнагаспадарчага  комплексу Ляхавіччыны ў 2015 годзе. Размова ішла пра дасягненні, пралікі, нявыкарыстаны патэнцыял развіцця, прагнозныя арыенціры на бліжэйшы час.

Сярод асноўных задач на 2016 год, якія агучыў старшыня раённага выканаўчага камітэта Вячаслаў Сельмановіч, – прыцягненне інвестыцый, павелічэнне экспарту, забеспячэнне занятасці насельніцтва, нарошчванне аб’ёмаў вытворчасці і павышэнне канкурэнт­­­аздольнасці мясцовай прадукцыі і паслуг на ўнутраным і знешнім рынках.

Кіраўнік раёна нагадаў адрасы перадавога вопыту: у сельскай гаспадарцы гучалі СВК “Ляхавіцкі” і “Жарабковічы”, ЗТАА “БелДан”, сярод прамысловых прадпрыемстваў – СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”, ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод”, ТАА ”Трансэлектракамплект”. Пасля буйнейшай мадэрнізацыі і рэканструкцыі шматразова павысіліся вытворчыя пазіцыі ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”. Такія поспехі не выпадковасць, а вынік паслядоўнай рэалізацыі прадуманых бізнес-планаў, укаранення новых тэхналогій, намаганняў кіраўніцтва прадпрыемстваў і кожнага работніка на сваім працоўным месцы.

Кіраўнік раёна зазначыў, што мінулы год, нягледзячы на пэўныя недапрацоўкі, стаў паспяховым для аграрнай галіны: атрымана адна з самых высокіх у вобласці ўраджайнасць хлеба. І сёлета ў нас ёсць усё для таго, каб перавысіць мінулагодні вынік у намалоце збожжа – больш за  86 тысяч тон.

Многае належыць зрабіць у жывёлагадоўлі, дзе сярод галоўных умоў паспяховай работы – строгае захаванне тэхналогій вытворчасці і працоўнай дысцыпліны.

Старшыня райвыканкама прааналізаваў стан спраў у будаўніцтве і назваў галоўныя задачы, якія стаяць перад будаўнічым комплексам раёна, гаварыў пра развіццё прадпрымальніцтва і выкананне праграмы занятасці насельніцтва. Рэформы ў падыходах да аказання паслуг насельніцтву патрабуюць жыллёва-камунальная сфера і гандаль.

Вячаслаў Сельмановіч падкрэсліў, што, па-ранейшаму недастаткова выкарыстоўваецца багаты турыстычны патэнцыял Ляхавіччыны, а гэта магчымасць не толькі расказаць пра культурную і гістарычную спадчыну раёна, але і зарабіць грошы, у тым ліку за кошт прыцягнення інвестыцый.

Па-ранейшаму адна з актуальнейшых задач – захаванне законнасці і правапарадку. У раёне шмат робіцца ў плане прафілактыкі негатыўных з’яў у грамадстве, значная ўвага надаецца недапушчэнню надзвычайных сітуацый, у першую чаргу пажараў. І гэту работу неабходна яшчэ больш актывізаваць.
У сваім дакладзе кіраўнік раёна спыніўся і на рэалізацыі сацыяльнай палітыкі на Ляхавіччыне, задачах, якія вырашаюць арганізацыі адукацыі, аховы здароўя, культуры, фізкультурна-аздараўленчыя структуры.
Безумоўна, прыемна, што па выніках мінулага года наш раён стаў лепшым на Брэстчыне ў рэйтынгу сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Сапраўды, многія здабыткі ў гэтай сферы – важкія. Дом сумеснага пражывання для адзінокіх грамадзян, адкрыты летам мінулага года ў Ганчарах, пакуль адзіны на Брэстчыне, за перайманнем такога вопыту догляду за састарэлымі людзьмі прыязджаюць з розных раёнаў і не толькі нашай вобласці.
З кожным годам усё гучней заяўляюць пра сябе здольныя ляхавіцкія хлопчыкі і дзяўчынкі. Летась каля 200 юных землякоў паспяхова прадэманстравалі свае веды, таленты ў абласных, рэспубліканскіх, міжнародных прадметных алімпіядах і навукова-практычных канферэнцыях, конкурсах, выставах, спартыўных спаборніцтвах. За апошнюю пяцігодку 7 хлопчыкаў і дзяўчынак (6 з гімназіі і адзін – з Тухавіцкай СШ) станавіліся стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.
Вячаслаў Сельмановіч гаварыў і пра неабходнасць далейшай аптымізацыі ўстаноў адукацыі. Грошы, атрыманыя за кошт закрыцця малаэфектыўных устаноў, пойдуць на павышэнне заработнай платы настаўнікам, паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы.
У галіне аховы здароўя задачы першачарговай важнасці – вырашэнне кадравага пытання і паляпшэння якасці медпаслуг, аптымізацыя.
– Леташнія станоўчыя здабыткі павінны стаць кропкай адліку для далейшага развіцця, а нявыкарыстаны патэнцыял неабходна задзейнічаць актыўна, тэрмінова і ўсебакова. Толькі сваёй эфектыўнай працай і выніковымі намаганнямі можам і павінны забяспечыць дастойны ўзровень жыцця, дастойную зарплату, – падкрэсліў Вячаслаў Сельмановіч.
На сходзе гаспадарчага актыву выступілі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Леанід Калбаса, дырэктар ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” Дзмітрый Скакун, дырэктар УП “Ляхавіцкае ПМС” Сяргей Юшкевіч.
Урачысты момант гаспадарчага сходу – узнагароджанне лепшых працаўнікоў раёна. Ганаровыя граматы і падзячныя пісьмы ім уручылі старшыні райвыканкама і райсавета Вячаслаў Сельмановіч і Яўгеній Юрлевіч. Пераходныя Ганаровыя сцягі за дасягненне высокіх паказчыкаў па вытворчасці збожжавых і зернебабовых культур, насення рапсу, бульбы, па рэалізацыі малака і жывёлы ў 2015 годзе ўручаны СВК “Ляхавіцкі” (старшыня Аляксандр Вітко), за дасягненне высокіх паказчыкаў па вытворчасці цукровых буракоў па выніках мінулага года – СВК “Жарабковічы” (старшыня Віталій Бусько).
Падарункам для ўсіх прысутных стаў канцэрт майстроў мастацкай самадзейнасці раёна. І пасля яго заканчэння запрошаныя на сход не спяшаліся разыходзіцца – шмат цікавага можна было ўбачыць і пакаштаваць на выставе прадукцыі прадпрыемстваў раёна і вырабаў майстроў народнай творчасці.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


Старшыні райсавета Яўгеній Юрлевіч і райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч знаёмяцца з прадукцыяй ТАА "Трансэлектракамплект".

Сярод узнагароджаных – пекар-майстар філіяла «Кааппрам» райпо Наталля Дзяйкун.


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *