Дзіма і вікторыя

Крыху больш тыдня назад у магілёўскім “Алімпійцы” завяршылася першынство Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы сярод юніёраў. 18-19-гадовыя атлеты разыгралі зімовыя камплекты ўзнагарод, па выніках выступленняў сфарміравана каманда, якая будзе прадстаўляць краіну на “Матчы шасці”. Міжнародны турнір з такой назвай адбудзецца 27-28 лютага ў Мінску. Апроч гаспадароў, паўдзельнічаць у ім рыхтуюцца юныя лёгкаатлеты Францыі, Турцыі, Украіны, Літвы і Латвіі.
Будзе там і ляхавічанін Дзмітрый Равінскі, магілёўскі поспех якога – перамогі на дыстанцыях 800 і 1500 метраў – стаў яшчэ і пропускам у склад зборнай краіны да ўдзелу ў матчы.
Камандны залік першынства Беларусі выйгралі гаспадары – лёгкаатлеты Магілёўшчыны. Сваімі залатымі поспехамі наш Дзіма дапамог брастчанам стаць сярэб-ранай камандай. Як і яшчэ адзін выхаванец ляхавіцкай атлетыкі Аляксей Буйкевіч, які фінішаваў трэцім у спартыўнай хадзьбе на трохкіламетровую дыстанцыю. Бронзавы кубак “забралі” віцебскія лёгкаатлеты.
Адзначым таксама і бронзавы асабісты поспех Ангеліны Слівы – 2 тысячы метраў з перашкодамі – і Дзмітрыя Бацечкі – 3 тысячы метраў. Хоць, з прычыны таго, што вучацца зараз у Мінску, ляхавічане і прадстаўлялі ў Магілёве сталічную каманду.
Аб узроўні спаборніцтваў, напружанасці барацьбы ў сектарах і на бегавым авале “Алімпійскага” сведчыць факт падзення некалькіх рэспубліканскіх юніёрскіх рэкордаў. Меншымі сталі рэкордныя секунды на дыстанцыях 60 метраў з бар’ерамі (юніёры і юніёркі) і 200 метраў (юніёры).
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *