Надзейныя людзі. Менавіта такія – надзейныя і адказныя – праходзяць службу ў батальёне кіравання 8-й радыётэхнічнай брыгады, што дыслакуецца ў Ляхавіцкім раёне /фота/

Служба ў арміі – справа для сапраўдных мужчын, перакананы старшы лейтэнант Мікіта Гомза.

У батальёне кіравання 8-й радыётэхнічнай брыгады служаць сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы – адказныя, сумленныя і дысцыплінаваныя. Камандзір батальёна падпалкоўнік Сяргей Задорскі пра сваіх падначаленых гаворыць па-ваеннаму коратка, але ёмка – надзейныя, ніколі не падвядуць.

Больш за 100 ваеннаслужачых і служачых батальёна нясуць пастаяннае баявое дзяжурства па абароне паветраных межаў Беларусі на сучасным абсталяванні. Важнасць іх справы бясспрэчная – тут збіраецца і апрацоўваецца інфармацыя з усіх падраздзяленняў  брыгады. На камандным пункце дзяжурныя няспынна сочаць за паветранай сітуацыяй у зоне сваёй адказнасці.

…Мясціны тут вельмі прыгожыя і маляўнічыя. Вакол цішыня і спакой. Але гэта толькі з першага позірку і для чалавека старонняга. На самай справе ўсё тут падпарадкавана агульнаму раскладу і рэжыму дня, які распісаны, можна сказаць, па мінутах.

На гадзінніку 6.00. “Рота, пад’ём!” – гучыць каманда днявальнага. Так пачынаецца звычайны вайсковы дзень у больш як паўсотні салдатаў і сяржантаў. Пасля пастраення, праверкі асабовага складу і зарадкі (у любую пару года на свежым паветры) – сняданак.

Асаблівае месца займае рытуал заступлення асабовага складу на баявое дзяжурства. Усё настройвае на сур’ёзную і важную работу – Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь, гімн.

Штодзённыя абавязкі патрабуюць вялікай адказнасці, вытрымкі і дакладнасці дзеянняў. Салдатам ёсць у каго павучыцца. Намеснік камандзіра батальёна па ўзбраенні маёр Ян Іеўлеў, начальнік комплексу сродкаў аўтаматызацыі старшы лейтэнант Мікіта Гомза  (з дынастыі ваенных), начальнік тэлефонна-тэлеграфнага цэнтра старшы лейтэнант Андрэй Герасімовіч – прыклад ва ўсім. Палова прапаршчыкаў батальёна – свае, былыя салдаты, якія атрымалі дадаткова ваенную спецыяльнасць. Прайшоў шлях ад радавога да старшага прапаршчыка і сённяшні начальнік электрасілавых установак Юрый Архангельскі. Старшы прапаршчык Аляксандр Жыркоў не толькі стаў лепшым у брыгадзе дзяжурным па сувязі, але і знайшоў тут сваю палавінку. Жонка Юлія – радыёмеханік, прызёр ВПС і войскаў СПА па стральбе з аўтамата. Дарэчы, сямейныя пары ў гэтым воінскім падраздзяленні не рэдкасць.

Патрабаванні ў батальёне да прыгожай паловы адрозніваюцца толькі нарматывамі па фізпадрыхтоўцы. Не горш за мужчын выконваюць свае абавязкі тэлеграфіст старшы сяржант Ірына Чорная, планшэтыст каманднага пункта яфрэйтар Наталля Федаровіч.

…12.57. Гучыць, пэўна, самая чаканая для салдат   каманда: “Рота, для следавання на абед станавіся!”. Строем з песняй ідуць ваеннаслужачыя ў сталовую. Па водгуках – ім даспадобы, як па-дамашняму смачна гатуюць повары яфрэйтары Людміла Пішч і Люцыя Бяляўская. Начальнік сталовай старшы прапаршчык Юрый Марчанка разумее: ад якасці салдацкага меню залежаць і вынікі ратнай працы. Трохразоваму харчаванню і памеру порцыі ваеннаслужачых пазайздросцяць многія. Так, на абед прапануюцца на выбар з дзвюх страў першае, гарнір і нават салат. Пячэнне, булачкі, сок, малако, на сталах соль, гарчыца, чырвоны перац, у прастудны перыяд абавязковая цыбуля – бацькам няма падстаў для хваляванняў за харчаванне сыноў.  Утульная абстаноўка і ў казарме. Ідэальны парадак і чысціня, на тумбачках – сурвэткі.

Пад кіраўніцтвам вопытных і мудрых камандзіраў навабранцы хутка становяцца сапраўднымі абаронцамі Радзімы. Прафесіяналізм салдатаў і афіцэраў батальёна не раз пацвярджаўся на штогадовых вучэннях. Вось і сёлета па выніках праверкі баявой гатоўнасці батальён кіравання адзначаны ў ліку лепшых. Дасягаецца гэта зладжанымі дзеяннямі салдат і афіцэраў, адшліфаванымі разнастайнымі трэніроўкамі і вучэннямі, баявымі дзяжурствамі і заняткамі. Неаднойчы каманда падраздзялення лідзіравала ў першынствах па гіравым спорце, валейболе.

За дзесяцігоддзі існавання вайсковай часці тут склалася шмат слаўных традыцый, да якіх з гонарам далучаюць навабранцаў.  Ваеннаслужачыя батальёна кіравання 8-й радыётэхнічнай брыгады штодзённа з годнасцю выконваюць свой прафесійны абавязак. Гонар мундзіра для іх не проста высокія словы, а прынцып жыцця.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Больш за дзесяцігоддзе ўзначальвае батальён кіравання Сяргей Задорскі.

Салдаты валодаюць не толькі зброяй. Радавыя Глеб Ціткоў і Андрэй Савіцкі.

У арміі без інтэрнэту. Пісьмо дадому піша радавы Максім Полаз

У нарадзе па сталовай Аляксей Быкоўскі і Герман Бяляўскі.

Старшы радыётэлеграфіст Таццяна Наўгародская і дзяжурны па сувязі Іна Альфер.

Сям’я ваеннаслужачых Аляксандра і Юліі Жырковых.

Вайсковая часць пачынаецца з КПП. Старшы прапаршчык Юрый Архангельскі і радавы Арцём Паўлоўскі.

Чысціня ў казарме – справа днявальнага. Радавы Яўгеній Бычкоўскі.

Аператыўны дзяжурны каманднага пункта брыгады маёр Валерый Рудовіч

Кожная калорыя на сваім месцы ў повара Люцыі Бяляўскай.

Планшэтыст Алена Сергель

Тэлефаніст Галіна Дылеўская

Баявая і фізічная падрыхтоўка – аснова ваеннага майстэрства

One thought on “Надзейныя людзі. Менавіта такія – надзейныя і адказныя – праходзяць службу ў батальёне кіравання 8-й радыётэхнічнай брыгады, што дыслакуецца ў Ляхавіцкім раёне /фота/

  • 22/02/2016 в 21:49
    Permalink

    С интересом посмотрела фоторепортаж, перечитала статью. Выглядит вдохновляюще и надёжно.Мужественные и уверенные в себе офицеры и солдаты. На военных всегда смотрела с придыханием и уважением.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *