Жыллёва-камунальная арыфметыка
Камунальныя жыроўкі заўсёды выклікаюць нямала пытанняў. Напрыклад, што ўваходзіць у тэхнічнае абслугоўванне, і чаму некаторым з нас яно абыходзіцца ў разы даражэй, чым суседзям? Як разлічваецца плата за ацяпленне, водазабеспячэнне, водаадвядзенне і іншыя паслугі? З уступленнем з пачаткам бягучага года ў дзеянне Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 535 “Аб прадастаўленні жыллёва-камунальных паслуг” кола гэтых пытанняў пашырылася: у адпаведнасці з дакументам змяніўся пералік асноўных ЖКП.
Сталі іншымі тарыфы. Так, са студзеня ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне падаражэлі працэнтаў на 30, газ і электрычнасць – на 20. Амаль удвая павялічыўся кошт ацяплення для кватэр, у якіх ніхто не пражывае. Разабрацца ў новай жыллёва-камунальнай арыфметыцы “Ляхавіцкаму весніку” дапамагала начальнік абаненцкага аддзела КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” Іна Смаршчок.
–Зараз да ліку асноўных жыллёва-камунальных паслуг адносяцца тэхнічнае абслугоўванне, бягучы і капітальны рамонт, санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў жылога дома, халоднае і гарачае водазабеспячэнне, водаадвядзенне, газа-, электра- і цеплазабеспячэнне, тэхнічнае абслугоўванне ліфта (для нас не актуальна),абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі (ЦКА), – уводзіць у курс справы Іна Іосіфаўна.
Пад тэхабслугоўваннем маюцца на ўвазе работы па падтрыманні ў спраўным стане канструктыўных элементаў і інжынерных сетак, падрыхтоўка дамоў да вясенне-летніх і асенне-зімовых умоў эксплуатацыі. Плата ажыццяўляецца па тарыфах, у разліку на квадратны метр агульнай плошчы кватэры. Як і ў выпадку з іншымі ЖКП, выкарыстоўваюцца субсідзіраваны і эканамічна абгрунтаваны (які забяспечвае поўнае пакрыццё затрат на аказанне паслугі) тарыфы. Для насельніцтва першы раўняецца 994,9 рубля за квадратны метр. Па ім разлічваецца аплата ў межах 20 метраў агульнай плошчы на кожнага зарэгістраванага ў кватэры чалавека плюс 10 метраў на сям’ю. За “лішнія” квадраты разлічвацца даводзіцца ў адпаведнасці з эканамічна абгрунтаваным тарыфам.На сёння ён раўняецца 2625 рублёў за метр. Напрыклад, у трохпакаёўцы плошчай 67,7 квадрата зарэгістраваны 2 чалавекі. Разлік просты: (20×2 + 10) x 994,9 = 49745 рублёў. (67,7 – 50) x 2625 = 46463 рублі. 49745 + 46463 = 96208 рублёў. Абазначаная сума з’яўляецца выніковай і прад’яўляецца да аплаты. Выключэнне складаюць непрацуючыя пенсіянеры, інваліды І і ІІ груп. Аднак – у выпадку адсутнасці зарэгістраваных па гэтым адрасе працаздольных членаў сям’і.
Плата за бягучы рамонт у жылых дамах ажыццяўляецца ў адпаведнасці з дагаворам на правядзенне рамонту, заключаным паміж плацельшчыкамі паслугі і яе выканаўцамі. Агульная сума кошту работ дзеліцца на ўсіх плацельшчыкаў у прапорцыі, суразмернай з агульнай плошчай кватэры, якую кожны з іх займае.
Плата за капрамонт у шматкватэрным жылым доме ўносіцца штомесячна для пакрыцця затрат па капрамонце ў долі, суразмернай агульнай плошчы канкрэтнай кватэры. У адносінах жылых памяшканняў дзейнічае субсідзіраваны тарыф, роўны 880 рублям за квадратны метр. Нежылыя памяшканні “праходзяць” па тарыфу, што кампенсуе ўсе эканамічна абгрунтаваныя выдаткі. З 2014 года лічба не мянялася і складае 4830 рублёў за “квадрат”. У выпадку з “нашай” кватэрай атрымліваецца наступны расклад:67,7 x 880 = 59576 рублёў штомесячных налічэнняў па артыкуле капрамонт. Гэтыя грошы акумулююцца на разліковых рахунках арганізацый, якія ажыццяўляюць эксплуатацыю жылфонду, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў з мэтай і ў лік правядзення капітальнага рамонту жыллёвага фонду.
Санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў жылога дома каштуе столькі, колькі каштуе. Рэгулюецца заключаным паміж бакамі дагаворам, аплата налічваецца, зноў-такі, зыходзячы з агульнай плошчы кватэры. Жыльцы дома, аднак, маюць права адмовіцца ад цэнтралізаванай паслугі па санутрыманні дапаможных памяшканняў. Самаабслугоўванне можа быць абрана ў якасці альтэрнатывы.
Плата за электраэнергію, затрачаную на асвятленне гэтых памяшканняў налічваецца на падставе паказанняў групавых прыбораў уліку. У адпаведнасці з тарыфам за кілават-гадзіну і прапарцыянальна метражу кожнай канкрэтнай кватэры.
Субсідзіраваны тарыф за паслугі водазабеспячэння і водаадвядзення ў дамах, аснашчаных прыборамі індывідуальнага ўліку расходу вады, раўняецца 4765,9 і 4148,8 рубля за кубічны метр адпаведна. Але пры ўмове, што сутачны расход не перавысіў 140 літраў на кожнага зарэгістраванага ў кватэры жыльца. На ўсё, што звыш, існуе іншы, эканамічна абгрунтаваны тарыф у памеры 6692 – у выпадку з водазабеспячэннем і 5676 рублёў за метр кубічны – у выпадку водаадвядзення. Названыя апошнімі тарыфы дзейнічаюць таксама ў сітуацыі, калі ў жылым памяшканні ніхто не зарэгістраваны, калі яно выкарыстоўваецца пад прыватнае ўнітарнае прадпрыемства. Тое ж – і ў выпадку адсутнасці ў кватэры лічыльнікаў расходу вады. Адсюль выснова: гэта вельмі выгадна – устанавіць свой вадамер.
Плата за гарачае водазабеспячэнне налічваецца на падставе паказанняў прыбораў уліку – вады і цеплаэнергіі, затрачанай на яе падагрэў. Спажытыя кубаметры вады памнажаюцца на ўдзельны расход і субсідзіраваны кошт адзінкі ўліку цеплавой энергіі. На сёння ён раўняецца 133417 рублёў за гігакалорыю. Але ўсё гэта не пра жылыя памяшканні, у якіх ніхто не зарэгістраваны: за спажытую там гарачую ваду плаціць давядзецца з разліку 854710,3 рубля за гігакалорыю.
У такую ж суму абыдзецца і кожная адзінка цеплаэнергіі, зрасходаванай на абагрэў жылога памяшкання, у якім ніхто не пражывае ці пражывае без рэгістрацыі. Узятая ў якасці прыкладу тая ж трохпакаёўка плошчай 67,7 метра квадратнага ў гэтым выпадку можа “нагрэць” гаспадара нерухомасці на паўтара і больш мільёна рублёў. Субсідзіраваны ж тарыф адстае вельмі істотна і складае ўзгаданыя раней 133417 рублёў. Выснова: за цяпло ў сваіх кватэрах людзі плацяць толькі 15,6 працэнта ад яго рэальнага кошту. Як бачым, ільвіная доля расходаў па гэтай камунальнай пазіцыі кампенсуецца з бюджэту. І іменна тут кватэраздымшчыкі недаплачваюць больш за ўсё.
Субсідзіраваны і эканамічна абгрунтаваны тарыфы на вываз і ўтылізацыю ЦБА адрозніваюцца не вельмі істотна: 69828 рублёў за куб супраць 77534 адпаведна. Апошні – для адрасоў, у якіх ніхто не зарэгістраваны. У сярэднім жа штомесячная пакватэрная плата па гэтым артыкуле складае 12000-13000 рублёў на чалавека.
Відавочна, што ў дастаткова жорсткія фінансавыя ўмовы заканадаўства “паставіла” ўладальнікаў жылля, у якім ніхто не зарэгістраваны. Для такіх жыллёва-камунальныя паслугі фактычна ўжо маюць рэальны кошт. Падобны паступовы пераход чакае і ўсіх астатніх, але, у адпаведнасці з планам, не раней як напрыканцы 2018 года.
Іван КАВАЛЕНКА.
Моё мнение это очень правильный шаг.А так живём на всем государевом. Надо поскорее перейти на 100% оплату,даже можно и брать немного вперед.Ведь государство платит пенсию вперёд так и мы можем заранее заплатить за их услуги и заботу.В ЖКХ пусть не сидят без дела а посчитают и выставят счета а так месяц живем, а потом удерживают.Ведь и за проезд мы платим вперёд.А то как-то неудобно быть на иждевении у государства.