Радавод збірае народ

Раз у два гады на Брэстчыне праходзіць адкрыты фестываль фальклорнага мастацтва “Радавод”. Яго ўдзельнікам даецца магчымасць паказаць традыцыйныя формы народнага мастацтва сваёй мясцовасці. 13 лютага палац дзіцячай творчасці Баранавічаў сустракаў удзельнікаў занальнага агляду VI адкрытага абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Радавод” з Баранавіцкага, Бярозаўскага, Ганцавіцкага, Пружанскага, Івацэвіцкага і Ляхавіцкага раёнаў.

На сцэне, нібы калейдаскоп, мяняліся падзеі, а вакол панавалі святочны настрой і добразычлівая атмасфера.  Сваю арыгінальную праграму прадставілі і ўдзельнікі фальклорных дзіцячых калектываў устаноў адукацыі Ляхавіччыны. Яе вядучыя Мікіта Тумараў і Марыя Якубчык з этнаграфічнага гурта “Вытокі” (гімназія, педагог Святлана Ушко) прапанавалі падарожжа па родных мясцінах. У канцэртнай зале гучала народная музыка, звінелі народныя песні ў выкананні Анастасіі Маргун з фальклорнага гурта “Весялушкі” (Ліпская СШ, педагог Святлана Дыдышка), вакальнага гурта “Элегія” (Начаўская СШ, педагог Вольга Ксёнжык), дзіцячага вакальнага калектыву “Вясёлка” (Востраўская СШ, педагог Вольга Саванчук). У выкананні фальклорнага гурта “Кужалёк” (СШ № 1, педагог Наталля Сідор) у арыгінальным жанры фальк-мадэрн прагучала песня, з задавальненнем праслухалі гледачы і цікавы жарт. Паказалі сваё майстэрства ў народных побытавых танцах юныя танцоры з фальклорнага гурта “Весялушкі”. Ансамбль шумавых інструментаў “Лыжкары” (Конькаўскі ДС-СШ, педагог Аліна Болтуць) можна назваць сапраўднымі музыкамі. Фальклорны калектыў “Спадчына” (СШ № 2, педагог Наталля Рахманец) прадэманстраваў адноўленыя, рэканструяваныя мясцовыя касцюмы – ляхавіцкі строй. Дэманстравалі народныя касцюмы сваёй мясцовасці і дзяўчынкі з Начаўскай СШ.

У конкурсе гульнёвых праграм сваё майстэрства прэзентавалі этнаграфічны гурт “Вытокі” з гімназіі і фальклорны калектыў “Спадчына”(Тальмінавіцкая СШ, педагог Ірына Балабушка), якія прадставілі праграму “Пасядзелкі ў бабулі Алены”.

Журы адзначыла высокі ўзровень выканання і рэгіянальную самабытнасць выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Ляхавіцкі карагод” цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Педагогі і навучэнцы ўстановы прадставілі плецены з саломы посуд, лялькі з тканіны, ільну, выцінанку, кераміку і іншыя вырабы. Значнае месца на выставе было адведзена вышываным накідкам, абрусам, тканым рушнікам, што засталіся ў спадчыну ад бабуль і прабабуль.

Цікавую і пазнавальную інфармацыю пра жыццё нашых продкаў, пра абрады, гульні рабяты разам з педагогамі адкрываюць у навукова-даследчых экспедыцыях. Знойдзены матэрыял пасля ўвасабляецца ў вучэбна-даследчых працах. Дастойнае месца на выставе інфармацыйна-метадычных матэрыялаў занялі работы СШ № 1, гімназіі, ЦДАДіМ, раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.

Заключныя імпрэзы VI адкрытага абласнога фестывалю фальклорнага мастацтва “Радавод” адбудуцца ў маі ў Кобрыне. Яго ўдзельнікі будуць вызначаны рашэннем экспертнага абласнога журы.

Наталля КУДРАЎЦАВА,

намеснік дырэктара ЦДАДіМ.

Фота з архіва ЦДАДіМ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *