Прафесія будучага

Бібліятэчная прафесія пры, здавалася б, яе даступнасці і прастаце – адна з самых “закрытых”. Спытайце любога чалавека, чым займаецца бібліятэкар, і пачуеце: выдае кнігі. Так, сапраўды, але гэта толькі малая частка работы. Уяўленне пра прафесію бібліятэкара часцей за ўсё не адпавядае рэчаіснасці, і гэта не дзіўна. Тыя, хто ведае прафесію знутры, перакананы, што ў наш час яна не менш важная, чым шмат гадоў таму.

Дык хто ж такі бібліятэкар сёння? Як ім стаць? Дзе можна працаваць, атрымаўшы спецыяльную адукацыю? Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні атрымалі вучні Дараўскага ВПК “дзіцячы сад-СШ” на інфармацыйным часе “Бібліятэкар – прафесія будучага”. Бібліятэка ва ўсе часы была сховішчам ведаў, накопленых цывілізацыяй. Мы жывём у эпоху, калі свет аказаўся, у літаральным сэнсе, перагружаны інфармацыяй. Бібліятэкі адпавядаюць патрабаванням часу і трансфармуюцца ў цэнтры кіравання інфармацыяй, яе пошуку, сістэматызацыі і сэнсавай апрацоўкі, аказваюць карыстальнікам дапамогу ў навігацыі па інфармацыйных рэсурсах, якія адпавядаюць іх патрэбам. Паколькі інфармацыйнае асяроддзе чалавека імкліва пашыраецца, сёння бібліятэкі працуюць не толькі з друкаванымі кнігамі, але і з электроннымі аўдыявізуальнымі рэсурсамі, гіпермедыя.

У будучым бібліятэкі стануць часткай размеркаванага інфармацыйнага свету, і менавіта спецыяліст па інфармацыйных бібліятэчных тэхналогіях (бібліятэкар) будзе дапамагаць людзям арыентавацца ў вялізных патоках інфармацыі.

Сучасны бібліятэкар – чалавек рознабаковы: педагог і псіхолаг, эканаміст і маркетолаг, дыпламат і філосаф, артыст і сцэнарыст. Гэта адукаваны, інтэлігентны, камунікабельны спецыяліст, які ведае сваю справу.

Бібліятэчная прафесія ў розныя часы прыцягвала ўвагу пісьменнікаў Оскара Уайльда і Іагана Вольфганга Гётэ, рытм- гітарыста групы “Рамштайн” Паўля Ландэрса і многіх іншых. А ўсё таму, што ў бібліятэчнай прафесіі сябе можа знайсці кожны. Яна дазваляе плённа і цікава працаваць людзям з рознымі характарам, схільнасцямі і інтарэсамі. Рэалізаваць сябе могуць і тыя, хто любіць і хоча мець зносіны з людзьмі, праяўляе творчасць і крэатыўнасць, і тыя, каму падабаецца працаваць з дакументамі, шмат чытаць і аналізаваць інфармацыю, і тыя, каму падабаецца працаваць з камп’ютарамі і тэхнікай.

У нашай краіне падрыхтоўку бібліятэкараў ажыццяўляе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Факультэт інфармацыйна-дакументных камунікацый – адзіны ў краіне, які ажыццяўляе падрыхтоўку спецыялістаў бібліятэчнай сферы на дзённай і завочнай форме навучання.

У гэтым годзе прыём на спецыяльнасць “Бібліятэчна-інфармацыйная дзейнасць” адкрыты па трох накірунках: “Аўтаматызацыя”, “Менеджмент”, “Метадычнае забеспячэнне”. Для паступлення ў ВНУ неабходна здаць ЦТ па беларускай (рускай) мове, гісторыі Беларусі, грамадазнаўстве. Больш падрабязную інфармацыю аб правілах прыёму можна прачытаць на сайце www.buk.by,  выбраўшы раздзел “Абітурыенту”.

Ва ўніверсітэце створаны ўсе ўмовы для вучобы і быту студэнтаў, падтрымліваецца культурная і навуковая творчасць, ёсць розныя магчымасці праявіць сябе. Масавае захапленне моладзі камп’ютарнымі тэхналогіямі і вядомы выраз “той, хто валодае інфармацыяй, – валодае ўсім светам”, пацвярджаюць, што спецыяліст па інфармацыйна-дакументных камунікацыях – прафесія будучага. А калі гэта так, можа, ёсць сэнс паспрабаваць?

Наталля МАСАЛБАСАВА,

бібліятэкар Дараўскай СБ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *