Неасабістая праблема. 1 сакавіка – Міжнародны дзень барацьбы з наркаманіяй і наркабізнесам
Праблема распаўсюджвання наркаманіі актуальная ва ўсім свеце, у тым ліку і ў нашай краіне. Надзвычай насцярожвае тое, што сучасныя наркатычныя сродкі здольны сфарміраваць наркатычную залежнасць літаральна за некалькі прыёмаў. Вынікі – вельмі небяспечныя, паколькі адбываюцца грубыя парушэнні функцый унутраных органаў, нервовай сістэмы, дэградацыя асобы. Наркаманы рызыкуюць заразіцца і садзейнічаюць распаўсюджванню ВІЧ-інфекцыі, віруснага гепатыту, венерычных і іншых небяспечных інфекцыйных захворванняў. За апошнія гады былі зарэгістраваны дзясяткі выпадкаў смерці маладых людзей ад перадазіровак наркатычных сродкаў.
Наркаманія ўяўляе пагрозу жыццю і здароўю не толькі для асобнага чалавека – для ўсяго грамадства. Большасць наркаманаў не працуе. Акрамя таго, што наркаманія прыводзіць да фізічнай, маральнай і сацыяльнай дэградацыі асобы, яна штурхае “згубіўшых сябе” людзей на злачынства. Наркаманію трэба разглядаць як бедства, супраць якога грамадства павінна стварыць трывалы бар’ер. Праблема распаўсюджвання наркаманіі займае не апошняе месца і ў ліку прычын высокай смяротнасці, нізкай нараджальнасці і працягласці жыцця.
У наркаманаў парушаецца работа асноўных органаў: сэрца, галаўнога мозгу, нырак, лёгкіх, печані, развіваюцца розныя ўскладненні. Нярэдка яны паміраюць і ад спадарожных захворванняў – гепатыту, СНІДу, заражэння крыві.
У апошні час актуальнай праблемай стала распаўсюджванне курыльных сумесяў, якія ўтрымліваюць у сваім саставе сінтэтычныя наркотыкі. Даныя “міксы” рэкламуюцца распаў-
сюджвальнікамі як легальны прадукт, які не ўтрымлівае наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, што не адпавядае рэчаіснасці.
Уплыў курыльных сумесяў на чалавечы арганізм у 5-10 разоў мацнейшы, чым раслінных прэпаратаў, якія ўтрымліваюць у сваім саставе наркатычныя рэчывы. Практычна адразу пасля іх прыняцця з’яўляюцца зрокавыя, слыхавыя галюцынацыі. Рэакцыі на спайс могуць быць рознымі – псіхоз, эйфарыя, смех або жах, поўная страта кантролю над сваімі дзеяннямі, трызненне.
Нават перыядычнае курэнне сумесяў становіцца прычынай незваротных працэсаў у цэнтральнай нервовай сістэме чалавека ад замаруджвання мыслення да дэпрэсіўнага стану, ідзе разбурэнне галаўнога мозгу.
Заканадаўча рэгламентавана жорсткае пакаранне за захоўванне і распаўсюджванне наркатычных рэчываў. Акрамя таго, забяспечана шырокая даступнасць медыцынскай дапамогі асобам, якія ўжываюць наркотыкі.
Леанід ЛАПІЧ,
урач псіхіятр-нарколаг ЦРБ.