Дзесяць балаў за прафесіяналізм
У рабочым кабінеце галоўную медыцынскую сястру Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы Алу Туркіну застаць практычна немагчыма – некабінетная ў яе работа. А яшчэ – надзвычай адказная, важная і любімая.
– Нават не верыцца, што праз некалькі месяцаў – 30 гадоў, як працую ў медыцыне. У свой час была акушэркай, старшай, цяпер вось – галоўная медсястра. А, здаецца, зусім нядаўна трымала ў руках дыплом аб заканчэнні Баранавіцкага медвучылішча і накіраванне на першае месца працы ў Ляхавічы, – расказвае Ала Мікалаеўна.
Вось ужо амаль 11 гадоў яна кіруе работай усяго сярэдняга медперсаналу ўстаноў аховы здароўя Ляхавіччыны, каардынуе дзейнасць амаль паўтысячы людзей у белых халатах. Яе працоўны дзень распісаны па хвілінах.
Адказная, пунктуальная, аднолькава патрабавальная да сябе і падначаленых, яна вельмі сур’ёзна ставіцца да выканання прафесійных абавязкаў. Дзеліцца багатым вопытам з калегамі, асабліва апякае маладых, якія робяць першыя крокі ў прафесіі.
– Сярэдні медыцынскі персанал – нашы фельчары, акушэркі, лабаранты, медсястрычкі і іншыя – зусім не “сераднячкі” ў сістэме аховы здароўя. У большасці сваёй гэта высакакласныя спецыялісты. Як многа часам залежыць ад правільна выкананай працэдуры, уважлівых адносін, душэўнага слова медсястры… – разважае пра сваіх калег Ала Туркіна.
Яна кантралюе арганізацыю і захаванне санітарна-эпідэміялагічнага рэжыму, праводзіць заняткі з медсёстрамі, адказвае за добраўпарадкаванне тэрыторыі. У многім дзякуючы Але Мікалаеўне, яе энергіі, густу і адчуванню прыгожага, тэрыторыя не толькі райбальніцы, але і ФАПаў, урачэбных амбулаторый, калідоры і кабінеты ўстаноў аховы здароўя з ранняй вясны да позняй восені патанаюць у кветках. Без галоўнай медсястры не абыходзіцца ні адно ўнутрыбальнічнае мерапрыемства, яна ў гушчыні грамадскіх спраў, актыўны ўдзельнік прафсаюзнага жыцця медыкаў, член ГА “Белая Русь”. Спагада, міласэрнасць, дыпламатычнасць і тактоўнасць, адкрытасць і душэўнасць дапамагаюць ёй ва ўсім.
– Строгая, але справядлівая, акуратная, дысцыплінаваная, уважлівая. Яе слова важкае ў калектыве. А прафесіяналізм нашай галоўнай медсястры заслугоўвае самую высокую адзнаку – дзесяць балаў, – характарызуе Алу Туркіну выконваючы абавязкі галоўнага ўрача ЦРБ Міхаіл Куляшоў.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.